epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Партыі

Я не бачыў, як паміралі,

Як развітваліся з новым днём

Тыя, што Зімні палац штурмавалі,

Што нам насустрач

ішлі пад агнём.

 

Я не чуў, як апошнія словы

Вымаўлялі, падаючы на акоп,

Тыя,

Што ў сонцы завей барвовых

Ішлі на Царыцын і Перакоп.

 

Але я бачыў

Вачмі сваімі

Тых, што згаралі ў апошняй вайне.

І гэта за імі,

І гэта з імі

Сказаў:

— Камуністам лічыце мяне!

 

Я бачыў, я чуў непаўторную мужнасць

Тых, што ў агністы кастрычніцкі марш

Укавалі

Алмазную сэрцаў садружнасць

І шматтрубную песню

спраўджаных мар.

І цяпер, і заўжды, колькі ісці ўдасца,

Пакуль слова жывое звініць на струне,

Аднаго прагну: каб жыло маё шчасце

У мільярдзе заяў:

— Камуністам лічыце мяне!

 

*

Партыя родная славіцца намі,

Нашымі справамі,

Нашымі днямі,

Ленін быў першы між нас!

Ў смутку і радасці — ўсе адчувайце,

Нават і гінучы — не забывайце

Гэты гісторыі ўказ.

 

Партыі роднай

аддаць да астатку

Кожную думку

І кожную згадку,

Кожнай крывінкі палёт! —

Лепшага гонару не захачу я,

Ведай, мой любы народ!

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан