epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Пашапчы мне..."

Пашапчы мне...

Пашапчы

На травы цёплыя,

На зару ясную,

На сінь бяздонную сваіх вачэй...

Толькі не голасам шаптухі,

Не варажбіткі,

Не заклінальніцы.

А голасам мары маёй —

пашапчы хутчэй...

Пашапчы мне...

Пашапчы —

Назаўжды пазбаў

Ад прыстанкаў ціхіх,

Ад дарог глухіх,

Ад дзён бяздумных,

Ад бязводгаласных далячынь.

А пакінь трывогі мае,

А пакінь хваляванні мае,

І расчараванні пакінь,

І нават боль мне пакінь...

Пашапчы мне...

Пашапчы горача,

Пашапчы вогненна,

Хай хоць і кара душы тваёй полымная

ў шэпце тваім імжыць...

Пашапчы —

Каб ішло са мной,

Што не дае тлець,

Што не дае забываць,

Што не ўмее старэць,

Што кліча няспынным быць,

І жыць, і жыць...

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан