epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пасля навальніцы

Заўсёды пасля бурнай навальніцы

Клякоча над разбураным гняздом

Ды арлянят падлічвае арліца.

 

І песціць тых, што жывы, пад крылом.

І кліча тых з тужліваю надзеяй,

Каго разбіў аб скалы цяжкі гром.

 

Сціхаў апошні водгук грознай дзеі,

Яна ж чакала: вернуцца сыны.

І вочы ўдаль, у змрок шляхоў глядзелі.

 

Мо недзе прыпыніліся яны,

Салодка спяць, а сумны матчын голас

Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны?

 

І толькі як праз дзень на скалах голых

Вада пад сонцам знікне — хоць бы след,

Яна ў жальбе апусціць нізка голаў.

 

Але ізноў устане. Грозна ўслед

Праклён пашле няміласным грымотам,

Што страсянулі ўвесь вакольны свет,

 

Паплача па загінуўшых употай

І ласку ўсю сваю аддасць жывым,

Каб крыллі іх мацнелі для палёту.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан