epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пашлі мяне сёння да Кубы!

Пашлі мяне сёння да Кубы,

Прашу цябе, любы народ!

Хадзіць за свабоду ў атакі

З юнацкіх вучыўся я год.

Нянавісць не ціхне да катаў,

Што праглі й мой край загубіць.

Пашлі мяне сёння да Кубы —

Мне трэба фашыстаў дабіць!

 

Пясняр чалавечага міру,

Я ў рукі ўзяў лірную медзь.

Ды зноў пад пагрозай свабода.

І я не магу больш цярпець.

Далей не магу, не хачу я,—

Што быў я байцом,— забываць.

Калі яны цэляць мне ў сэрца,

Дык мушу і я забіваць!

 

Пашлі мяне сёння да Кубы,

Прашу цябе, любы народ!

Каб дзеці ўзрасталі — нам трэба

Спыніць душагубаў паход,

Каб маці не плакалі — трэба

Развеяць навалы тугу.

Пашлі мяне сёння да Кубы,

Іначай я жыць не магу!

 

Куба! Пачуй мяне, Куба!

Я, Куба, іду да цябе.

Гатоў я на муку любую

Ў свяшчэннай тваёй барацьбе.

Гатоў я прайсці без астачы

Шляхі тваіх мужных баёў,

Гатоў я аддаць сваё сэрца

За светлае шчасце тваё!

 

Хадзіць за свабоду ў атакі

Вучыўся з юнацкіх я год...

І даў мне агністую сілу

Вялікі мой, слаўны народ.

Нянавісць не ціхне да катаў,

Што праглі й мой край загубіць.

Я сёння спяшаю да Кубы —

Каб мір чалавецтву здабыць!

 

17 мая 1961


17.05.1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан