epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Пастылі кроплі росаў летніх..."

Пастылі кроплі росаў летніх.

Гарошак кудзеркі пляце.

І ўсё вышэй, усё прыкметней

Паўзе гуркоўнік на пляцень.

Да рысы нейкай дойдзе лета

І жоўтай хусткаю ўзмахне.

Тады — ёсць даўняя прыкмета —

Павесь вяночак на сцяне.

 

І будзе першая дзяўчына,

Што ўбачыць той вянок,— твая...

Я так зрабіў... Была прычына,

Каб не цябе прывеціў я...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан