epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Патрабуюць тэарэтыкі..."

Патрабуюць тэарэтыкі,

Знаўцы нашага палка,

Пашырэння геаграфіі

Паэтычнага радка.

Патрабуюць, пераконваюць,

Заклінаюць аж да слёз...

Ну і што ж,—

перакананыя

Выпрабоўваем свой лёс...

 

І ляцім у даль з ахвотаю

У імклівых ІЛ і ТУ;

То на поўдні, то на поўначы —

Ловім словы на ляту.

 

І гучаць у вершах розныя

Адрасы і тут і там...

Геаграфія — бязмежная,

Тэарэтыкам — бальзам...

 

Стракацяць імёны, станцыі,

Назваў тых — да забыцця...

Толькі часам а ці згадваем

Пра бязмежнасць пачуцця?..

 

Пачуцця, навек адзінага,

Ці то ў Мінску, ці ў Маскве,—

Непаўторная паэзія

Толькі ім заўжды жыве;

 

Пачуцця, якое месціцца

Не за дальняй каляёй,

Не на Марсе, не на Месяцы,

А ў душы тваёй адной...

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан