epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Патрон

Змагаўся да апошняга патрона...

І вось ён тут,

апошні той патрон...

Нявыстраленым у ствале застаўся...

 

Шавеліць сіверам галлё бярозы,

Лісцё зжаўцелае ляціць на зброю,

Паўзе між дрэваў

глушыня па пушчы.

 

Чаму ж патрон той

у ствале застаўся?

Чаму не прагучаў апошнім стрэлам?

Што сталася з табою,

мой ваяча?

 

Ды вось — нашчадкі зналі каб навечна,

Што ён не здрадзіў прад хвілінай смерці

І смерць сустрэў як трэба —

не жахнуўся,—

Ляжыць яго прастрэленая каска

Ля вываратня спаленай сасны,

І сам ён тут, зусім непадалёку,

Ляжыць даўно-даўно... Ўсё спарахнела...

І толькі ціша,

хоць прайшло год столькі,

Здаецца, паўтарае яго голас...

 

І, ўбачыўшы ўсё гэта, я паціху

Сабе кажу:

— Ну што ж... Так можна... Можна —

Калі і я

не скарыстаю

свой патрон апошні...

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан