epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Паўночнік

Ўсе кветкі зніклі, як бы хто сурочыў.

Зямля цямнее ў восеньскай слаце.

І толькі сярод пасушы паўночнік

Яшчэ цвіце, яшчэ цвіце.

 

Стаіць ён чынна, горда перад ветрам,—

Такога больш, як ён, тут не знайсці...

І пад яго паглядам сіне-светлым

Лягчэй ісці, лягчэй ісці...

 

Лягчэй адчуць сябе ў святочным цудзе —

У сэрцы запраменіцца вясной...

Лягчэй паверыць,

што твой позірк

будзе

Заўжды са мной, заўжды са мной...

 

Іду... І хоць і знаю, што ніколі

Цябе ўжо не вярну, не даганю,—

Усё гляджу...

Як той паўночнік сярод поля

Насустрач дню, насустрач дню...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан