epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Паўстанне скрозь, заўжды паўстанне..."

Паўстанне скрозь, заўжды паўстанне,

Паўстанне ўсюды, дзень у дзень!

Такім ты будзь, а іншым станеш —

Дык лепей вырвіся з грудзей.

 

Там, дзе камусьці ў скрусе гнуцца,

Там, дзе камусь адзін спалох,—

О сэрца, гулам рэвалюцый

Будзі вятры маіх дарог.

 

Няхай не будзе млявай цішы,

Ні супакою мне нідзе,

Пакуль туга надзеі крышыць

І боль у радасці гудзе...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан