epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Паводка

Бы гром гарматны, ўдарыў крыгалом.

І бітва за вясну была кароткай.

Глядзі — ужо нястрымна за сялом

На лузе, між грудоў, гудзе паводка.

 

Аж свішча каля моста ледарэз.

Гарэза-плынь не ведае дакукі.

Здаецца, пабліжаў зарэчны лес.

Дубы з далёкіх круч нам цягнуць рукі.

 

Як любы нам такі чароўны час!

Хутчэй, сябры, на жвірыстыя схілы!

Хутчэй, хутчэй спускай наніз баркас,

Ляці хутчэй пад вецер буйнакрылы!

 

І вось ужо імчым, імчым між хваль.

І маці ўслед крычаць: «Куды вы? Што вы?»

А нас блакітная гукае даль.

А нас за небасхіл заве вясновы.

 

— Матулі!..

Вы нас чуеце ці не?..

— Матулі!

Зразумець вы нас павінны!

Мы вашы,

а належым мы вясне.

Мы з вамі —

і ў прыволлі ўсёй краіны.

 

Прастор і сонца вызнаем душой,

І вернемся да вас

з тугой салодкай.

І прынясём вам пах Радзімы ўсёй

І пах вятроў —

імклівых, як паводка!

 

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан