Пяе гармонь.
Далёка ў вёсцы
Ёй адгукнуўся сум дзяўчат.
А хлопец, стрыжаны, ў матросцы,
Напэўна, гэтаму не рад.
Стаіць пад ліпаю,
на вулку
Зірне і роспачна ўздыхне.
Па кладцы пойдзе за рачулку —
Ды зноў назад...
І шкода мне...
Чаго ты, хлопча?
Калі цяжка,
Дай сум твой, я з ім пастаю.
А ты ідзі, спяшай, цяльняшка,
Ваюй за русую сваю!..