epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пясняр

Ты ж знаў, ты ж сам асцерагаў

(Слоў смерць не сцёрла!),

Як гэта страшна, калі туга

Бярэ за горла.

Як гэта страшна, калі адзін

Пад сцюжны вецер,

Як у бяздонне, паміж лядзін,

Брыдзеш у свеце.

 

Але ніхто, як, можа, ты,

Ніхто ніколі

Шлях не масціў для дабраты

Ў суровай долі,

Не клікаў так —

дарыць жыццю

Свет мараў чыстых,—

Адданы праўды пачуццю

Пясняр вячысты.

 

І я, як многія, з табой

Сябе не чуліў —

Гарэў і, калі бой — дык бой,

Ішоў на кулі,

Гарэў і, калі штых на штых,

Не дбаў пра слодыч,

Адно вялікай дабраты

Баец і родзіч.

 

Ды толькі скрушная слата

Сказала скора,

Што і такая дабрата

Ёсць — горш, чым сорам,—

З ухмылкай коўзкаю

ў жыллі

Адчыніць дзверы,

Але памылішся, калі

Ты ёй паверыш.

 

Душой адкрыешся, а ёй

(Убачыш — позна!)

Твой смутак, і лятунак твой,

І боль, і роздум —

Усё, чым быў і дуж, і варт,—

Як блёскат рэшкі,—

Калі і ўзяць, дык нібы ў жарт,

Адно для ўсмешкі...

 

Ты ж знаў, ты ж сам асцерагаў

(Слоў смерць не сцёрла!) —

Не адступаць, калі туга

Бярэ за горла,

Не адступаць — ісці, дайсці

Да любай мэты!..

А сам упаў...

І па жыцці —

Бы цень планеты...

 

Імкнуць, і ўсё далей, далей

Кагорты дужых,

Цвітуць, і ўсё ярчэй, ярчэй

На свеце ружы —

Ты ж знаў, як страшна ім спазнаць

Зноў кроў і слёзы,

Ты ж дбаў, гукаў, каб ахаваць

Іх ад пагрозы.

 

А сёння вось... Чаму маўчыш?

Няўжо ж ты, брат мой,

Пацерпіш быць — нічым, ні ў чым

На сцежках стратных?

Няўжо не чуеш? Кліча бой

Забыць разлукі...

 

Ляжыш, трубач, па-над трубой,

Раскінуў рукі...

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан