epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пятрусь Броўка (Рэквіем)

Няхай паэтаў будуць і мільёны,

Сягоння, можа, ў свеце іх не менш.

Ды на зямлі, журботаю замглёнай,

Адзін патрэбен —

светлы, як прамень.

 

Адзін, адзін — магчыма, і не першы,

І не наймодны,—

зразумелы ўсім.

Адзін такі, каб і жыццём, і вершам

Быў для цябе па-роднаму сваім.

 

Упэўнен нехта, што святыя строфы

Ён творыць чалавецтву на вякі.

А чалавецтву на вякі-эпохі,

Як хлеб той —

сама простыя радкі.

 

Магчыма, яму трэба толькі слова,

Дзе шчырасць юнака і мудраца.

І каб з людзьмі пясняр —

і ў днях суровых,

І ў шчасці —

быў як роўны.

Да канца.

 

 

*

Адкуль прыйшоў ты, хлопча, ў гэты свет,

Дарогамі якога запавету?

Ці думаў, свой вітаўшы першацвет,

Пра будучыню слынную паэта?

 

Ці думаў калі-небудзь, ці гадаў

Пра песнярову сонечную долю?

Што спеву твайго звонкага ў гадах

Не спыніць нават смерць?.. Нідзе, ніколі?..

 

— Прыйшоў я стуль, дзе багацеяў кулі

Цалялі ў мяне ўночы праз акно.

Дзе для маёй — не матчынай — кашулі

Па нітцы ткалі людзі палатно.

 

Прайшоў я праз грымотныя пажары,

Будзёнаўцы — была мая радня.

Я жыць ішоў — і разам з камісарам

На баявога сеў тады каня.

 

Не, я зусім не марыў

у тыя дні

Пра слынную славутасць песнярову.

Другую вывучаў тады я мову

У грозным Рэвалюцыі агні.

 

І толькі там шукаў сваіх дарог,

Дзе грукат бою

быў мне як натхненне.

Радзіму вёў у перамогі Ленін,

І я быў сынам гэтых перамог.

 

 

*

А як жа ты, якой неспадзяванкай

Паэтам стаў, лятунку не ў дакор?..

— А ты хіба не чуеш кожным ранкам,

Як пахне над сцяжынкамі чабор?

 

А ты хіба за голасам жалейкі

Не слухаў кліч народнай барацьбы?

Не чуў хіба галошання Надзейкі —

Сірочы плач кахання і жальбы?

 

Не чуў душой спаку**тнелай, як звоняць

Па ўсёй зямлі трывожныя званы?

Як грозна Каліноўскага пагоня

Кара**ла чужаніц у дні вайны?..

 

Я ўсёй душой пачуў і ўбачыў гэта,

І за жыццё Айчыны сэрцам сох...

Не думаў я, браток, пра лёс паэта,

Але гарачых слоў стрымаць не мог.

 

Не мог маўчаць —

з душы напевам біла,

І я — ці ў бой ішоў, ці вёў сяўбу —

Чуў — як з народам

слоў мацнее сіла,

Пра шчасце быў мой спеў ці пра журбу...

 

 

*

Пятрусь Усцінавіч, наш дарагі, паверце,

Я знаю:

з Вамі сёння

увайду ў свой дзень.

Я знаю:

гэткія, як Вы, і пасля смерці

Навечна застаюцца між людзей.

 

Але ж — як сумна,

як, паверце, сумна

Да непазбыўнай думкі прывыкаць,

Што ўжо не можна

ў светласці задумнай

Вас на шумлівых вуліцах спаткаць.

 

Як сумна,

як бясконца недарэчна,

Што Вашае акно

для нас больш не гарыць.

Даўно без Вас ні з кім, ні з кім сардэчна

Не выпала нідзе пагаварыць.

 

Адны — як і заўжды, па пальцах лічаць хвілі.

Другіх — з трыбун і бура не саб'е.

А іншыя —

як кажуць, «вазамнілі»

Святымі, неўміручымі сябе.

 

Што ім да нейкай думы ці надзеі?

Што боль чужы ім браць да галавы?..

Па шчырасці сказаць —

не ўсе і ўмеюць

Любіць людзей,

як іх любілі Вы...

 

 

*

Пятрусь Усцінавіч...

Хвалююся і чую,

Як пры спатканні чуў апошні раз:

— А мы сабе працуем і працуем,

І так да скону гэта будзе ў нас.

 

А нам ісці, а нам шукаць і верыць,

Што толькі ў рупных пошуках — жыццё!..

Ах, Пётр Усцінавіч! А хто калі ці змераць

Сваім мог сэрцам

Вашага біццё?!

 

І вось чаму — для ўсіх для нас экзамен:

Прайсці, як Вы, па сцежцы па любой.

І покуль гэткія, як Вы,

пякуць нам памяць —

Датуль не будзе слова ў нас «адбой».

 

Няхай паэтаў будуць і мільёны,

Сягоння, можа, ў свеце іх не менш.

Ды на зямлі,

журботаю замглёнай,

Адзін патрэбен —

светлы, як прамень.

 

І Вы такі былі, ў народзе знаны,

З такім за справу родную стаім.

Вы вершам і жыццём непараўнаным

Навечна сталі кожнаму — сваім.

 

З такім не страшна і ў змаганні пасці,

З такім за гонар — праўдзе паслужыць...

Мы вызналі сваёй душою —

шчасце

І з Вамі побач быць,

і ў Вас вучыцца жыць...

 

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан