epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Перад дарогаю..."

Перад дарогаю

Трошкі падумаць хачу.

Крылы я маю:

Куды захачу — палячу.

Крылы я маю

І ўмею прасторы любіць.

Мары спрадвечныя

Трэба мне явай зрабіць!..

 

Перад дарогаю

Трошкі падумаць хачу.

Чым я Радзіме

За крылы свае заплачу?

Чым ёй аддзячу

За вольны, бясконцы прастор,

Каб не кідалі мне

Гнеўны нашчадкі дакор?..

 

Перад дарогаю

Трошкі падумаць хачу.

Хай мая мужнасць

Ніколі не гасне ўваччу,

Хай маё сэрца

Імкнецца да сэрцаў заўжды,

Хай мая песня

Імклівыя славіць гады,

Хай мне на плечы

Найбольшы на свеце цяжар,

Хай мае крылы

Світанні нясуць у абшар!

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан