epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Перад фотаздымкам

Белая паляна, спрэс белая.

Тапалёў

над палянай

строй гонкі.

І зачараваны квеценню

рукой няўмелай

Хлопчык

у букецік

збірае рамонкі...

 

З позіркам замілавання,

далёкім ад ліха,

У зямлю, у сонца

шчыра ўлюбёны,

Хлопчык

насустрач свету

глядзіць ціха,—

У белым каўнерыку,

у гальштуку чырвоным...

 

Цыгара і гітара...

Ухмылка нахабная...

Патлы за спіною...

Цырк штаноў расклёшаных...

Хлопец... Той жа хлопчык...

Стаіць нязграбна...

Ні захаплення,

ні пытанняў

у вачах спустошаных.

 

Глядзіць бацька

на фотаздымкі сынавы

І на свой побач —

у шынялі,

з-пад Берліна прынесеным...

І ламае галаву:

дзе ж яго ўдача пакінула,

Дзе ж ён, былы воін,

сваёй прысягі не здзейсніў?..

 

Дзе і калі

небяспекі не ўбачыў згубнай,

Не заўважыў,

як цаляе ў сэрца

горш кулі навала сумная?..

Глядзіць бацька

на фотаздымкі

разгублена

І не можа дадумацца —

думае, думае...

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан