epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Перад кантынентамі

Кантыненты

Аб’яднаны акіянамі,

Быццам зваркаю

З жывога серабра.

І зіхотнымі вачамі закаханымі,

У якія свет

няўтольнасць душ сабраў.

 

Кантыненты

Аб’яднаны навальніцамі,

Тэлетайпамі блакітных бліскавіц,

І ўспамінамі,

І ўсім, што ціха сніцца нам,

І што з крыўднаю пакутнасцю

Баліць.

 

Кантыненты

Аб’яднаны даляў гоманам,

Сказам пушчаў

Пра нязгасны хларафіл.

І дымкамі мірных дзён

над кожным комінам,

І спакоем,

І журботнасцю магіл.

 

Кантыненты

Пад задумай Шляху Млечнага —

З вечнай марай,

з вечнай прагай адкрыцця —

Аб’яднаны

Непаўторнасцю адвечнаю

І адвечнай

Незваротнасцю жыцця.

 

І заўжды

між душ

Гарыць іскра трывожная.

І заўжды ляціць спалох

На ўсіх вятрах.

І заўжды, заўжды

Для ўсіх, для ўсіх

і кожнага,

Не маўчыць,

Працуе

Сэрцаў тэлеграф.

 

Пад праменнямі,

Пры зорах,

Пад зарніцамі

Чалавека ашчаджае чалавек:

— Не забіце,

не губіце,

зберажыце іх! —

Нашы мары,

Што ў святле

Свой бачаць век.

 

Аб’яднаныя

Журботнасцю і любасцю,

Пад пагрозамі нянавісці і зла,

Кантыненты

То з пяшчотнасцю, то з трубнасцю

Просяць роднасці

У велічы святла.

 

І заўжды, заўжды

Сям’я людзей мільярдная

І ў мае глядзіць з надзеяю сляды.

Чалавек я!

Чалавек!

І не павінен марна я

Між людзей

Пражыць свае гады.

 

Кантынентаў

далягляды —

шыр адзіная.

Хоць і межы,

ды адзін, без межаў, час...

Знаю:

Жыць для свету — цяжка.

Ды павінен я!

Бо заўсёды —

Перад светам

Мой адказ!..

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан