epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Перад магілай друга

Далёка,

За азёрнаю смугою,

За казкамі, дзе цудаў не знайшоў,

За ўцехай,

За расстаннем і тугою,

Ты ўпаў

пад сінню неба дарагою.

Упаў навек.

А я далей пайшоў.

 

Пайшоў у гром,

У кананадны вэтлум,

У сум, у песні,

У шчасце і бяду.

І дваццаць год

Іду да светлай мэты,

І за сябе,

І за цябе, ты ведай,

У тлумным свеце

Грозны бой вяду.

 

Было ўсяго:

Часамі рукі млелі,

Часамі забівала мітульга,

Часамі

Глыбіню мяняў на мелі,

І думкі,

Нібы ў ліпкай карамелі,

Пад крыкі саладзільшчыкаў

Марнелі —

Змаўкалі

На адбітых берагах.

 

Але нідзе,

Нідзе, мой дружа верны,

Не спляміў я

Наш гонар баявы,

Што засявалі ў бітвах

дружбы зернем.

Не павярнуў ніхто

І не паверне

Мой гнеўны боль —

Навечна ён жывы!

 

Пакуль іду,

Цябе ўслаўляць не кіну.

Пакуль гару,

Табе са мною ззяць.

Сягоння я

К табе прыводжу сына.

Ён мой.

Такі ж,

Як мы былі ў Айчыны.

І гэтак жа,

як мы,

Ён можа сцяг узняць.

 

Ён вырас

Пад вячыстай зоркай алай,

З калыскі чуў

Пра твой апошні бой.

І будзь спакойны:

Мы закончым справу —

Тваю і нашу!

Мы —

перад табой!..

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан