epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Перад рэкламамі

Рэкламы

Вогненнымі заклікаюць рукамі,

Б’юць па вачах,

прыціскаюць, як прэсам:

«Лётайце самалётамі!

Ездзіце цягнікамі,

Хуткімі і экспрэсамі!»

 

Падыду, пагляджу,

доўга думаю:

Куды мне паехаць,

Куды — каб самае хутка?

Каб пазбавіць сэрца

ад золкага суму,

Каб не ведаць скрухі

анічагутка?

Пакрамсалі ростані,

грозныя годы пабілі

Сэрца на кавалкі,

на гулкія часткі:

Дзе хадзілі,

Дзе любілі,

Дзе чакалі

цярпліва і часта...

Дзе ўставалі,

Дзе ратавалі,

Дзе плакалі

над сяброў магіламі...

Дзе з захапленнем

Кроў аддавалі

За ўсё,

у што верылі,

што зналі мілым.

 

Падыду, пастаю,

развяду рукамі...

А рэкламы

Вогненным

грукочуць прэсам:

 

— Лётайце самалётамі!

— Ездзіце цягнікамі!

Хуткімі і экспрэсамі!

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан