epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Перад вясной

У гэты год ляжаў на рэках лёд

Такімі грудамі, якіх старыя

Не помнілі ў жыцці сваім.

Снягі

Схавалі ўсё: і зараснік балот,

І азярцы, і сцежкі баравыя,

І шыр палёў калгасных, і лугі.

 

Сярод сувеяў ніклі над Сажом

Ажно па грудзі хвоі. Часам сонца

З’яўлялася на міг. А там ізноў

Снег плыў і плыў. І гэтак дзень за днём.

У цішыні, спакойнай і бясконцай,

Зямлі трызніўся весні шум жытоў.

 

І гэтак жа — адсюль за многа вёрст —

У стэпах прыдняпроўскіх на Ўкраіне

Бялелі снегавыя валуны.

Снег аздабляў узорамі прастор

І цёплай коўдрай слаўся на раўніне,

Што зерні прыняла пасля вайны.

 

— Быць сёлета ўраджаю, так і знай.

Сама зіма — найлепшая прыкмета.

— Як папрацуем, будзе збажына! —

Казалі людзі.

Ўвесь савецкі край

Чакаў, вялікай радасцю сагрэты,

Вясны.

 

...І вось прыйшла вясна...

Але пакуль прачаўраюць палі

І зацвітуць —

я расказаць павінен,

Чаму ў сваім запеве я з’яднаў

І мары беларускае зямлі,

І думы нашых сябраў на Ўкраіне.

Я ўспомню пра іх даўнасць.

Вось яна...

 

Задоўга да апошняе вайны,

Як быццам бы яшчэ ў трыццаць дзевятым,

Спаборнічаць рашылі між сабой

Дзве вёскі.

З магілёўскай стараны —

Асінаўка, калгас тут быў багаты

І славіўся ўрадліваю зямлёй.

 

Другая — гэта Сытаўка была,

Уздоўж Дняпра што пралягла падковай,

Вачыма ў стэп, у неагляднасць ніў.

І трэ адзначыць:

еднасць іх расла —

Як песня сэрца.

У жыцці вясновым

Адзін парыў да шчасця іх зрадніў.

Ды ўрэшце —

так было, і ў гэтым соль.

А хто з калгаснікаў найбольшай славы

Дабіўся — гэта цяжка нам сказаць,

Бо ў край прыйшла вайна.

Вялікі боль

Скаваў прасторы роднае дзяржавы,

Насталі дні за шчасце пастаяць.

 

Ад ніў, дзе выспявала збажына,

Дзе столькі год прайшло

ў руплівай працы,—

Пайшлі Радзіме верныя сыны

На грозны бой,

і дума іх адна

Вяла ў паход — змагацца і змагацца,

Каб зноў спакой вярнуць для стараны.

 

А потым цёмнай хмарай наплылі

Дні акупацыі. Агонь развеяў

Здабыткі ўсе з калгаснага двара.

Больш трох гадоў дзічэў абшар зямлі,

І людзі ў барацьбе

жылі падзеяй,

Што вернецца шчаслівая пара.

 

І толькі вось цяпер,

калі салют

Уславіў над краінай Перамогу,—

Ізноў былыя сцежкі ажылі.

І там, у ціхай Сытаўцы, і тут,

На выбітых асінаўскіх разлогах,

Ляглі палоскі першае раллі.

 

З тых дружных і няўтомлівых людзей,

Што да вайны вялі ў калгасах справу,

Не далічыўся многіх родны кут.

Пад Віслай злёг у бойцы Карандзей,

Асінаўскі парторг,

і ў час аблавы

Замучан быў гестапам цесля Груд.

 

У Сытаўцы загінуў палявод,

І старшыня Майвока — камсамолец,

І многія яшчэ з былых сяброў —

З шляхоў вайны,

пасля суровых год,

Ды з катаргі фашысцкае,

з няволі,

Сягоння не вярнуліся дамоў.

 

Таму нямала часу з даты той,

Як вызвалены край быў,—

ані вестак,

Ні сувязі між імі не было.

Калгасы зноў

раўнялі дружны строй,

Усё наспех збіралася да месца,

Гаіла раны цяжкія сяло.

 

Але куды б ты нас ні кінуў, лёс,

І як бы цяжка ні было —

заўсёды

Шлях да сустрэчы знойдуць дружбакі!

Заззяла сонца. Вецер гром пранёс.

І час пастаў, калі

пасля нягоды

У поціску сышліся дзве рукі.

 

Па вольным ветры прадвясновых дзён

Прыйшло у вёску Сытаўку здалёку

Маленькае трохкутнікам пісьмо.

Зірнуў на адрас хлопец-паштальён

І пацямнеў. Было пісьмо Майвоку,

Што смерцю вызнаў ворага ярмо.

 

Ужо хацеў юнак паслаць назад

З адпіскаю: «Не стала адрасата»,

Але пайшоў спытацца ў сельсавет.

Там доўга старшыня, танкіст-салдат,

З сябрамі раіўся,

пакуль хтось раптам

Не крыкнуў: — То ж з Асінаўкі!

Вось адрас — «Новы свет»!

 

— З Асінаўкі?..

І ўсім прадсталі ўраз

Былыя дні, сябры у «Новым свеце»,

Над Сожам жыта з коласам, бы звон,

Як ён жыве цяпер, дружбак-калгас?

І парашылі —

ліст у сельсавеце

Ўсё ж прачытаць: а мо калгасу ён?

 

— Калі табе, Ахрыме, гэты ліст,

Табе! — тады даруй нам, браце любы,

Лікі памяць не кранём тваю, павер...

А мо калгасу...

— І былы танкіст,

Суровы старшыня, асілак русачубы,

У хваляванні

той адкрыў канверт.

 

І вылецеў з канверта на сукно,

Як ластаўка,

вясёлы фотаздымак.

І ўсе пачырванелі... Хто б то знаў...

Марыся...

Так, яе даўно

Тут ведаў кожны... Любая Ахрыма...

Як часта ён дзяўчыну ўспамінаў...

 

І слёзна заўздыхалі ўсе жанкі,

Што тут былі...

Збіралася вяселле...

А выйшла — не гадай і не чакай...

Мужчыны зірк адводзілі ў бакі,

Як быццам бы чагось недаглядзелі

Ў сваім жыцці...

А ліст...

Вось ён ляжыць...

Чытай...

 

Ляжыць... чытай...

— Чытай жа, старшыня!

І з ім, і з ёй раслі ў адной сям’і мы.

Адзіны боль, адна туга, сябры...

І ў дом прыйшла такая цішыня,

Што ўчулі ўсе,

як ходзяць над радзімай

І п'юць снягі

паўдзённыя вятры.

Прымоўклі сэрцы...

Але з першых слоў

Усе ўздыхнулі — ліст быў для калгаса.

Была ў ім біяграфія сяла

З тых грозных і суровых тых гадоў,

Як апаліла край вайна,—

да часу,

Калі дарога ў працу,

ў мір лягла.

 

Пра славы шлях, пра партызанскі шлях

Была ў пісьме аповесць.

Пра герояў,

Што вырасціў радзіме «Новы свет».

Пра жыта, што пасеялі ў палях,

Пра будаўніцтва, што пачнуць вясною.

І ўсім сябрам —

паклоны напаслед.

 

І тут жа запрашэнне: з гэтых дзён

Чакаюць іх у госці, каб аб справах,

Якім далі пачатак да вайны,

Дамовіцца.

«Жыццё бярэ разгон,—

Канчаўся ліст.— У дружбе наша слава».

І подпіс

Янкі Кухты, старшыні.

 

А дзесьці ўнізе

Незаўважны быў

Пастскрыптум ціхі.

Сакратар праўлення

Марыся (словы збіліся на край)

Пісала: «Мой Ахрым! Ці ты забыў

Сваю Марысю? Ці майго цярпення

Зусім не пашкадуеш? Прыязджай!»

 

І зноў жанкі ўздыхалі са слязой,

А старшыня «Будзёнаўца» — маўклівы,

У сэрцы дакараў сябе штораз...

...І ў той жа вечар звонкай грамадой

У клуб плыла

ўся Сытаўка рупліва.

«Будзёнавец» пісаў братам адказ...

«Добры дзень, слава вам, беларускія далі!

Браты!

Нас амаль што чатыры гады раздзялялі

Няволі драты.

Груганы-чужаніцы, фашысцкія зграі

Тапталі той дол,

Над якім падымалася ў рост маладая

Краса нашых сёл.

 

Але не, не скранулася сэрца народа

У суровыя дні!

Нам свяцілі ў змаганні, нам ззялі з усходу

Камунізма агні.

Нас Масква, наша маці, для бітваў яднала,

Мацавала наш строй.

 

І мы чулі, як ты, Беларусь, уставала

Усім краем на бой.

І мы чулі падтрымку вялікай Айчыны,

Як з бітвамі йшлі

У палках Каўпака, па шляхах Украіны,

Па ўсёй роднай зямлі.

 

Мы ляцім к вам з абдымкамі, пойдзем жа

далей —

Рука ля рукі,

Хай квітнее зямля, дзе ёй дужасць аддалі

Мы, бальшавікі!»

 

Так ліст пісаў настаўнік малады

На гэтым сходзе.

Словы, як найлепей,

Яму гурбой падказвалі.

І скрозь

Ляцелі просьбы к хлопцу.

 

Пра сады

Сказаць, што насадзіў калгас у стэпе,

Прасіў садоўнік.

З брыгадзіраў хтось

Патрабаваў адзначыць, што палі

Засеяны найлепшаю пшаніцай,

Пра новыя будынкі — цесляры...

І ён пісаў. І просьбы ўсе ляглі

У шчыры ліст.

А ноч ужо расніцы

Змыкала, ўжо святлеў пагляд зары.

 

І толькі не маглі прыдумаць, як

Найлепей адказаць сваёй Марысі,

Як адказаць,

каб смутак быў няўзнак...

І напісалі проста:

«Не журыся...

Не журыся, Марыся,

Не журыся, дзяўчына...

На бандурах

Складае пра мужнага сына

Свой спеў для цябе,

Для дачкі,

Украіна...»

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан