epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Першая настаўніца

Падраслі, прыйшлі да камсамола,

Сталі ўсе дасціпнымі і ўпартымі,

Хутка іх у свет праводзіць школа

Дужымі, сваёй Айчыны вартымі.

 

Але шчыра помняць яны й сёння

І запомняць, пэўна, ў доўгім часе

Тую, што ад матчынага ўлоння

Павяла іх смела ў першым класе.

 

Сыдуцца, і гутарка пачнецца:

— Як там Мар'і Йванаўне жывецца?

— Сумна Мар'і Йванаўне быць дома...

— Столькі год на пенсіі, вядома...

 

— Хочацца пра нас ёй, мусіць, ведаць...

— Трэба Мар’ю Йванаўну праведаць...

 

Першая настаўніца! Вялікая

Доля ў яе, слаўная ў народзе.

Колькіх яна палкім сэрцам клікае,

Колькіх на жыццёвы шлях выводзіць!

 

Пакідаеш, першая настаўніца,

Ты ў дзіцячых сэрцах след навечна

Ведамі, якімі край наш славіцца,

Ласкаю, што б’е з глыбінь сардэчных.

 

І таму заўсёды будзь гатовая

Дарагіх гасцей сустрэць.

Шчаслівыя,

Скажуць: — Добры дзень! —

Такія новыя

Але па-былому сарамлівыя...

 

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан