epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Першая навальніца

Над ракой, дзе млела ціша,

Раптам грукнуў гром.

Гром для хмар загады піша

Вогненным пяром.

«Гэй жа, хмары, ліньце, хмары,—

Кажа гром наўсцяж,—

Кіньце, хмары, на абшары

Шчодры лівень ваш».

Хмары пруць, плывуць, таўкуцца,

Рвуць крыло крылом

І дажджом рупліва льюцца

Ў полі за сялом.

Поле стогне: «Лівень стопча

Рунь маіх лагчын».

А само, як з соскі, смокча

Парны сок дажджын.

Гром глядзіць са стром на поле —

Як змакрэў абшар —

І, сціхаючы, ў прыволле

Гоніць рэшткі хмар.

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан