epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Песня

Пясняр-музыка перад новым боем

Прысеў каля гарматы і зайграў.

Пра слёзы маткі, што чакае сына,

Пра гора жонкі, што не спіць начамі

На папялішчы, дзе шумяць вятры.

 

Маўчалі, ціха слухалі салдаты,

Махоркі дым глыталі, а калі

Расталі ў змроку звонкія акорды,

Сказалі незласліва песняру:

 

— Ты добра йграў, ты слаўна йграў,

дружача.

Мы поясна паклонімся табе.

Але мы самі знаем наша гора,

Яно даўно нам сэрцы пераела,

Скажы: навошта раны турбаваць?

 

Пясняр паправіў леру.— Што ж, як гэтак,—

Я іншую вам песню падбяру.

І ён зайграў пра тыя дні, якія

Запомніліся кожнаму надоўга,

Пра дні маленства і юнацтва дні.

 

І так ён дзіўна граў, салдат і лернік,

Што пацямнелі вочы ў юнакоў.

І застагналі грудзі пад кашуляй,

А вусны самі крыкнулі: — Пакінь!

 

Пакінь, таварыш! Хопіць успамінаў,

Мы знаем самі добра, як раслі.

Скажы ты лепш, які нас лёс чакае,

Куды вядзе цяжкая нас дарога,

Што ўбачым,

калі вернемся дамоў.—

 

Пясняр на міг задумаўся.

Рукою

Глыбокія маршчыны перабраў

І раптам, быццам толькі нарадзіўся,

Адкрыў з усмешкай стомленыя вочы

І крыкнуў:

— Дык жа слухайце, сябры! —

 

І зазвінела радасная песня

Над полем, перасоленым крывёй,

І павяла салдацкія лятункі

У шлях нялёгкай праўды і красы.

 

Прад імі сонца промні рассыпала,

З руінаў уставалі гарады,

Зязюлі сотні летаў ім лічылі,

Зямля паўнела кветкамі і збожжам

І кліч кідала:

— Вось, усё для вас! —

 

Жанкі і маткі, што байцоў сустрэлі,

Ад радасці не зналі, што рабіць,

І плакалі ізноў,

І слёзы тыя,

Здавалася, свяціліся

глыбокім

І ціхім ззяннем весніх зараніц.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан