epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Песня аб чалавечым шчасці

Чалавечае шчасце —

вялікае, быццам сусвет,

Дзе асобная радасць —

здаецца, пясчынка адна:

Гэта можа быць слова,

якім ты ў дарозе сагрэт,

Гэта можа быць мара,

што сэрцу падорыць вясна.

Гэта можа быць песня —

сяброўка бяссонных начэй,

Гэта ясны спакой

пасля рупнага ўвішнага дня,

Яно можа звінець —

як вясёлы вясновы ручэй,

Ці захмурыцца смуткам —

як восеньская цішыня.

Чалавечае шчасце —

няспынна, як сонечны ўсход,

І нястрымна, як думка,

як вольная плынь пачуцця,

Бо дае яму сілы,

дае яму крылы народ,

У якога ёсць светлая,

слаўная мэта жыцця.

Чалавечае шчасце —

наш велічны скарб на зямлі,

Слава нашая ў ім,

мужнасць нашая і прыгажосць.

Яно з намі і ў нас.

І каб з ім мы заўсёды былі —

Аддаю яму ўсё:

сваё сэрца, сваю маладосць!

Аддаю яму ўсё

у кагорце сяброў дарагіх

І хачу так пражыць,

сваёй радасці плён несучы,

Як у працы вялікай,

як у баях агнявых

За Радзіму, за шчасце

змагацца нас Ленін вучыў:

З роднай партыяй,

з мужным народам сваім

Чалавечае шчасце

ствараць непарушным навек,

І ў тым шчасці народным

застацца, як песня, жывым

З простым імем, якім даражыў:

Чалавек.

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан