epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Песня мужнасці

Не цяжка захапляцца ў дні вясны

Птушыным свістам і пахучым бэзам —

Усё нясе, як кажуць, казкі-сны...

А вось зіма прыйшла — руку жалезам

Абпёк ты на марозе і ў снягах

Не раз сядзеў, замецены з машынай,

Шукаў паўзком, дзе груд, дзе каляіна,

А не знаходзіў — сам пракладваў шлях,

Вятрамі дыхаў вострымі, як нож,

Маўчаў, з расніц, садраўшы крупкі лёду,

І справу ўсё ж рабіў, і прагна ўсё ж

Імкнуўся ўдаль... Скажы мне: асалоду

Ці ўчуў ты на мяжы такой дарогі?

Ты ўчуў, дружбак, ты варты перамогі!

 

Нялёгкае, што дадзена прайсці

Для кожнага,— хутчэй прайсці патрэбна.

Сад вырасці павінен, каб цвісці.

Цалік паднят, каб вырас колас хлебны.

Нясу сягоння мужнасці свой спеў,

Што смутку ў сэрцы волі не давала,

Усім, хто, каб зямля закрасавала,

Жыццё вялікай любасцю сагрэў!

І калі шчыра здолеў песню скласці —

У тым сваё і адчуваю шчасце.

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан