epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Песня пра птушак

І салавей, і дрозд, і голуб,

І перапёлка, і жаўна...

О, колькі спеваў іх вясёлых

Нам дорыць наша старана!

 

Прайдзіся полем ці залужжам,

Заглянь на возера ці ў бор,—

Цябе заўжды сустрэне дружны,

З хвалой жыццю, птушыны хор.

 

Сустрэне, смутку каб не знаў ты,

Каб радасць білася ў грудзях,

Каб і сягоння ты і заўтра

Замілавана йшоў у шлях.

 

І салавей, і дрозд, і голуб,

І перапёлка, і жаўна...

О, колькі спеваў іх вясёлых

Вартуе наша старана!

 

Вартуе пушчамі, садамі,

І цішынёй азёр і рэк,

І тою славай, што гадамі

Ствараў наш мужны чалавек.

 

Вартуе — мы павінны ведаць —

Усё для нас, усё для нас,

Каб над прывольным нашым следам

Лятунак велічны не гас.

 

І салавей, і дрозд, і голуб,

І перапёлка, і жаўна...

О, колькі спеваў іх вясёлых

Яшчэ народзіць старана!

 

Бо веру я, што мы з табою —

Дзе б ні жылі, дзе б ні ішлі —

Пад навальніцаю любою

Не пусцім крыўду к той зямлі,

 

Дзе нават просты спеў птушыны

Раджае ў сэрцах пачуццё,

Што лепшы скарб — краса айчыны,

Яе бясконцае жыццё!

1959


1958; 1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан