epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Песня

У тую крыніцу,

з якой піў ваду,

Гразёю не кіну.

Хоць, можа, лепшую з часам знайду

Свайму сыну.

 

На таго каня,

што мяне насіў,

Не нацкую зграю.

Хоць новы стаеннік,

поўны сіл,

Каля акна грае.

 

Да тае сцежкі,

дзе жыццё сустрэў,

Не прапушчу хмары.

Хоць і не раз там

душой хварэў

І паліў мары.

 

Святое сэрца,

што кахала мяне,

Не аддам бруду.

А любіць усё,

што хаця і міне,

Да канца буду.

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан