epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Піянеры ў музеі Айчыннай вайны

Нібыта ветрам свежым

Расхінула дзверы,

Смех, бы з крыніцы,

З юных б’е грудзей.

То хлопчыкі й дзяўчынкі,

Піянеры,

Гурбой вясёлаю

Зайшлі ў музей.

 

Пад самым мірным небам,

Пад шчаслівым сонцам

Яны ўзраслі

Без гора і клапот.

Таму

Не знае змоўку

Іх запал бясконцы,

Таму

Заўжды ў іх сэрцах

Смеху калаброд.

 

І нават тут,

У залах гэтага музея,

Дзе не засне ніколі

Сум цяжкой пары,

Дзе ходзіць дух

Сільніцкага, Казея,

Не хутка сціх, астынуў

Гоман дзетвары.

 

Ён велічна прайшоў

Па ўсіх маўклівых залах,

Як гоман

Самаго

Няспыннага жыцця.

І рэха цішыню

Услед за ім гайдала,

Ажно зашалясцеў,

Згадаўшы

Маршы,

Сцяг...

 

Ды ўсё ж —

Між гэтых сцен,

Дзе захаваны чула

Сляды герояў,

Подзвігі бацькоў,

Перад бязмоўнай

Скрухаю вянкоў

Я бачу:

Быццам громам скаланула

Дзяцей...

Стаяць з тугой

Каля партрэтаў

Паўшых,

Імкнуцца уявіць

Герояў прад сабой...

Народжаным

У радасці

Нашчадкам нашым

Нялёгка зразумець,

Якім ён быў, той бой.

 

І хочацца мне стаць

Замест экскурсавода,

Сказаць:

— Сябры!

Не трэба вам маўчаць,

Вы гаманіце зноў,

Вы будзьце, як заўсёды,

Змахніце з твараў

Хмарнасці пячаць.

 

Нашто вам уяўляць

Баі, пажары, страты?

Вы лепш запомніце,

Каб несці праз гады,

Сказ

Аб нязломнасці

Савецкага салдата,

Сказ

Аб бяссмерці

Сэрцаў маладых...

 

І вось

Маўчаннем шчырым,

Смутку поўнай мерай

Ушанаваўшы

Памяць змагароў,

Зноў дружна ўперад

Крочаць піянеры,

І гоман іх

Далёка чуцен зноў.

 

І мы,

Дарослыя,

Праводзім іх з надзеяй,

Што жахі

Ненавіснае вайны

Вядомы будуць дзецям

Толькі па музеях;

Што толькі там

Зажурацца яны.

А выйдуць — хай зальюць

Усмешкамі наўколле,

Як марылі

Героі ўсіх франтоў,

Што мужна ваявалі

Ў небе, ў моры, ў полі

За будучых

Сясцёр сваіх, братоў!

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан