epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пісьмо

Паслала маці на фронт пісьмо,

На Украіну, пад Сумы.

— Ляці, мой лісток,

Раскажы, лісток,

Сыну пра матчыны думы.

 

Спяшае пісьмо пад Сумы. А там —

Радасць даўно ў народзе:

Фронт адышоў.

І кажуць пісьму:

— Адрасат Дняпро пераходзіць.

 

Панесла пошта пісьмо далей.

Вось і Дняпро крылаты.

Але і тут салдата няма.

Ды дзе ж ён?

— Ён вызваляе Карпаты.

 

Па родных шляхах, слядамі баёў

Прыходзіць пісьмо на Карпаты.

А там сяляне ўжо гоні аруць,

А жонкі беляць хаты.

 

І песня звініць на схілах гор,

Славіць байца ды яго адвагу,

І чуе пісьмо з песні тае:

— Яго сустракае Прага!

 

Праходзіць дзень, мінае другі,

Адкрыліся пражскія плошчы.

Чырвоныя ветразі над зямлёй

Дунайскі вецер палошча.

 

Гамоніць сталіца. Рады народ.

У Празе свабоднай — свята.

На вуснах чэхаў імя адно:

Імя рускага брата.

 

Імя таго, каго пісьмо

Столькі часу шукала.

І радасна пошце:

Нарэшце на след,

На след адрасата напала.

 

Але і тут яго ўжо няма,

Адно толькі — след на далінах.

Праз горы і рэкі

Вядзе той след,

Вядзе той след да Берліна.

 

Вясна рассыпае звоны свае

У рускай паходнай песні.

І столькі шчырасці ў ёй,

Што ў грудзях

Сэрцу робіцца цесна.

 

Гэта сярод берлінскіх руін,

Дзе здабылі Перамогу,

Спяваюць хлопцы пра родны край,

Пра баявую дарогу.

 

А ёй у адказ ляціць здаля,

З усходу, песня другая.

І чуе пісьмо:

— Гэта маці свайго

Сына-героя страчае.

 

Сябрам маладым ён зброю аддаў,

Каб множылі славу Айчыны.

А сам пайшоў

Будаваць гарады,

Хлеб расціць для краіны.

 

На крыллях ляцела пісьмо назад.

Грукнула ў шыбу:

— Маці!

Шукала я сына па ўсёй зямлі,

Але не магло дагнаці.

 

І маці выходзіць і са слязой

Цалуе канверт трохвугольны.

— І добра...

Ды падстаўляе твар

Пад радасны вецер польны.

 

А там грукоча трактар, там сын

Крылле па родных гонях.

Якая песня, якое пісьмо

Яго, малодога, дагоніць?!

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан