epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пісьмо ад сябра

...Сумую па белых бярозах,

Па вязу за сценкай глухой,—

Па тых, па далёкіх, з маленства,

Над ціхай бацькоўскай страхой.

 

Бярозы шапталі, як сёстры,

З пяшчотай —

ці радасць, ці сум.

А вяз у высокай вяршыні

Пеў песні пра сёстраў-красунь.

 

Няма ні бярозаў, ні вязу,

Ні брата няма, ні сясцёр.

Пажар ненажэрнай навалы

Хаціну бацькоўскую сцёр.

 

Прыйдзе*ш на дзірванны падворак,

Як нейкі змярцвелы стаіш,

Глядзіш на сляды запусцення

І з горкаю жальбай маўчыш.

 

І ўвесь задрыжыш, калі раптам

Хтось ціха кранецца рукі.

А гэта атожылкі вяза

Пускаюць галіны ўшыркі.

 

Як быццам у гэтае ранне

Мой сум па далёкай вясне

Падслухалі

і спачуваннем

Сваім суцяшаюць мяне.

 

Расціце ж, расткі маладыя,

Хай ваша мацнее сям'я.

Вас многія тут прывітаюць...

Ды толькі ўжо, мусіць, не я...

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан