epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пісьмо містэру Картэру

— Хело, містэр Картэр! —

не здзіўляйцеся,

містэр Картэр,

Што да Вас

па-простаму

звяртаецца камуніст.

Мы з Вамі, містэр Картэр,

як быццам аднолькава ўпартыя.

Дык на ліха нам здаўся

дыпламатычны свіст.

Да таго ж, містэр Картэр,

мы і па чынах роўныя.

Вы — прэзідэнт,

я — паэт.

А з паэтамі

рукаліся

самыя саноўныя

З тых часін,

як стаіць свет.

 

Ды ў паэта,

я скажу Вам,

становішча і вышэй на голаў:

Хто можа зняць паэта

з яго пасад?

А прэзідэнту —

толькі не ўгадзі вялікасці долару,—

Развернецца долар —

ды і дасць пад зад...

 

Але гэта, даруйце,

не для крыўды, а проста для слова.

Сядзіце сабе ў сваім крэсле

хоць і сотню год...

Толькі адкажыце, містэр Картэр,

ну чаго Вы, чаго Вы

Так пяклуецеся

не пра свой,

а пра мой народ?

 

Чаму Вам так рупіцца

наводзіць парадак у маёй старонцы?

Чаму Вам

не выходзіць

маё жыццё з галавы?

Адкуль Вы ўзялі, містэр Картэр,

што мне і маёй жонцы,

Калі б, маўляў, не Вы,

дык не далі б спраўдзіць свае правы?..

Я не буду гаварыць Вам

пра Ваша ўласнае логава.

Пра галодных, беспрацоўных і неграў,

якіх бачыў, як наведаў Ваш дом.

Я не буду Вам гаварыць

ні пра вашых гангстэраў,

ні пра шпікаў нічога.—

Вы і самі добра знаеце,

які ў Вашым краі садом.

Я не буду гаварыць Вам

пра тых, што ў Вашых турмах згасаюць

За адну толькі мару —

быць людзьмі, а не гуртам валоў...

Але што мне здаецца, містэр Картэр,—

здаецца, што нават Вы самі

Не маеце ў сваёй Амерыцы

сапраўдных правоў.

 

Ну, скажыце,

ну, хіба ж гэта права

(jus, прабачце, згодна з лацінскай),

Калі Вы паўтараць змушаны,

захоўваючы тон і паўтон,

Усё, што Вам ні юскне

з філязофскім апломбам Бжэзінскі

Ці такі ж ваяка Браун,

што асядлаў Пентагон?

 

Ну, хіба ж гэта права,

калі Вас,

чалавека ад ніў зялёных,

Па-фермерску, па-гаспадарску

ўлюбёнага ў жывое жыццё,

Падштурхоўваюць у каршэнь —

смяротныя ўхваліць нейтроны,

Каб, забіваючы ўсё, што дыхае,

захоўваць рабаўнікам шмаццё?..

 

Містэр Картэр,

як я і прапаноўваў напачатку,

На ліха мне і Вам дыпламатыя

у пісьме, што ідзе ад душы?..

Скажу Вам шчыра:

калі мы абодва за мір і разрадку,—

Дык, па-мойму,

бяры пяро,

і, што думаеш,

адзін аднаму і пішы.

 

І калі гэта так,

то я Вам параю:

чым прымаць у Беладомаўскай зале

Якога-небудзь падонка,

што зарабляе хлуснёй медзякі,—

Узялі б Вы лепш, містэр Картэр,

сваю місіс Разалію

І прыехалі б да маёй сям і ў госці —

на хоць два ці на тры дзянькі.

Ну, а калі місіс не можа

па якой-небудзь прычыне,

Дык прыязджайце без місіс —

не засумуеце ў нас і адзін.

Можаце не браць свайго «Лінкальна»,

паедзем і на маёй машыне

І паездзім, колькі душа зажадае,—

у нас не кантралююць бензін.

 

Я чалавек без мільёнаў,

але і не бедны, нават па вашых стандартах;

І як размяркоўваў гасціннасць,—

не пакрыўдзіў нас з жонкаю бог.

Прымем Вас як належыць —

з усёй пачцівасцю, містэр Картэр,

Будзе і гарэліца горкая,

і салодкі дамашні пірог.

 

Паставіць нам жонка на стол

і яешню, і бліны, і аладкі.

Але пра адно папярэджваю:

калі яе гатавання

не пахваліце Вы,

Дык будзем мы з Вамі бегчы

не менш, чым сто вёрст без аглядкі,

Тады Вы, містэр Картэр, пазнаеце,

якія ў яе правы!

 

Але гэта, даруйце,

зноў жа так, для звычайнага жарту.

Яна ў мяне і душэўна добрая,

і ўмее шанаваць гасцей.

І калі мы з Вамі

у нашых лясах

назбіраем грыбоў, містэр Картэр,

Дык засмажыць іх так,

што не ўцерпіце крыкнуць «о кей!..».

 

І наогул, містэр Картэр,

скажу Вам,

без залішняй пахвальбы і азарту,

Скажу абсалютна ўпэўнена,

што, пабыўшы на нашай зямлі,

Ужо Вы больш

не здолееце

быць такім, як сягоння, містэр Картэр,

Ужо не здолееце паўтараць выдумкі,

што пра нас

Вам хлусы наплялі.

 

Мы з жонкай не будзем, містэр Картэр,

паказваць Вам адны толькі ружы,

Мы не станем, містэр Картэр,

перайначваць Ваш кругагляд светавы.

Але тое,

што мы з гордасцю

сваёй Радзіме служым,—

Гэта наша вялікае права —

мы ўпэўнены! —

з зайздрасцю адзначыце Вы!

 

Мы не станем,

містэр Картэр,

чарніць вашага ладу праявы.

Нашто нам чарніць яго? —

ён і так перад светам чарней ад жуды...

Але тое,

што мы ненавідзім

Вашу варожасць да нашай справы,—

Гэта наша свяшчэннае права,—

мы ўпэўнены,—

Вы адчуеце і прызнаеце Вы назаўжды!

 

І, вярнуўшыся ад нас у Амерыку,—

мы ўпэўнены,—

возьмеце добра за рогі

Усіх, хто Вас водзіць за нос,

абяцаючы правазмаганца вянок.

І самі Вы, містэр Картэр,

адмовіцеся ад дэмагогіі

І Бжэзінскаму свайму крыкнеце:

— Цыц, панок!..

 

Містэр Картэр,

як Вы бачыце,

мы за такія кантакты,

Каб і нашы народы ў міры

і нашы сем’і ў згодзе жылі.

А таму

прапаную Вам, містэр Картэр:

давайце з далікатнасцю і тактам

Гаварыць пра адзін аднаго,—

не пляціце пра нас кашалі.

 

Не прыпісвайце нам бяспраўя,

не дарыце нам сваіх фальшывых клопатаў,

Лепш падумайце,

як залатаць кайстру

амерыканскіх хвалёных правоў.

Каб у саміх у Вас, містэр Картэр,

шанавалі людзей, а не робатаў,

Каб панавала ў вас між людзьмі павага,

а не грыз чалавек чалавека, як воўк.

 

І, паверце, мы такі Ваш клопат ацэнім...

Ну, а на суровасць пісьма не зважайце.

Лепш адкрытасць размовы і шчырасць,

чым віхлявая слоў каляя...

Дык што, містэр Картэр?..

Прыедзеце?..

Прыязджайце!..

А пакуль — напішыце адказ,

будзем рады — і жонка, і я.

 

Пішыце — колькі жадаеце:

за адным пісьмом

і другое можаце слаць следам,

Пішыце на якой хочаце мове —

любую будзем вітаць.

Пішыце, не баючыся,

што пра Вашы думкі

хто-небудзь уведае,—

На нашай пошце не дазволена

чужыя пісьмы чытаць!

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан