epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пліз

Пліз1

 

Хоць і свечкай і з трэскам

ляці сабе ўніз,

Хоць і з выбухам танка

гары і чарней,—

Не збяднее ленд-ліз,

Пліз, рашн, пліз,

Ваюй, рашн,

о’кей!..

 

Ваявалі, і падалі,

і крывёю напойвалі дол,

Надрываючы жылы

пад націскам лютых орд.

А Форд

пыхкаў сігарай.

Чуў енк удоў.

І чакаў

нашай роспачы

Форд.

Забіваючы цэнтамі

верх залатога мяшка,

Перамерваў-прыкідваў

дарогу ў Расію без віз:

«Саветам цяжка...

у Саветаў аслабла рука.

Выруч, Форд...

Пліз...»

 

Не счакаў,

Не счакаў!

Не збылося на Фордаў манер!

На суровай вярсце

прыгваздзілі

чужынцаў палкі!

Выстаяў,

Выжыў,

Цвёрда ступіў

СССР,-

Крок — у век,

Два — у вякі!

 

Па Амерыцы

Сёння

Іду — паўнамоцны пасол

Тых герояў,

што свету

далі перамогу ў вайне.

Я іду

Як пасол Сталінградаў і Брэстаў,

І Хатыняў — няскораных сёл.

І цікуе за мною Форд,—

баіцца мяне.

 

Ён цікуе за мною

з усёй сваёй хцівай раднёй,

На сігарах — астылы попел,

а ў позірках — люты агонь.

І я знаю,

чаго ён сягоння

цікуе за мной,

І я знаю, я знаю

прычыну

спалоху яго.

Ён баіцца,

што я

ад імя маіх паўшых сяброў

Прад’яўлю яму грозны прысуд:

ану, пакажы свой сейф!

І адкрыецца золата,

на якім — сяброў маіх кроў,

І адкрыецца змова,

якой гандляваў фарысей,

І адкрыецца свету

страшных тых акцый пакет,

Што на горы народным

фордаўскі трон залаціў...

І нервуецца Форд:

а раптам свет

Загадае ўладарна:

— За ўсё заплаці!

— Пліз! Пліз, сэр! —

хаваючы злосны ашчэр,

Запрашаюць мяне лісліва

пабыць за багатым сталом.

І я плюнуў бы з гневам

і на лёкаяў, і на гэта «сэр»,

Калі б не лічыў я сябе

паўнамоцным паслом.

Самых светлых герояў

Я —

паўнамоцны пасол,

І святую іх светласць

нідзе не заплямлю нічым.

Не трымці, не кідайся,

залатасейфавы хлебасол,

Бо высокая гордасць

у сэрцы маім.

 

Не трымці, не цікуй,

не стрыжы вачмі, Форд,

Мне не трэба працэнтаў

ад ганебных тваіх спраў.

Не пра золата думаў

мой народ,

Калі ў бітвах

мільёнамі душ

паміраў.

Я б мог, я б мог

рукавы закасаць,

Я б мог дабрацца

да скляпенняў тваіх.

Ды не я буду

сховы твае вытрасаць,—

Я і так гэта ведаю —

што там у іх.

 

Але помні, хаваючы мех залаты,

Што відушчы ўсё бачыць

гісторыі суд,—

Знае ён

і што думаў і што яшчэ думаеш ты,

Ты—

бяссільны стрымаць

пераможны над светам салют

Ад герояў паслом

я іду да людзей

па зямлі

І цыліндрам бліскучым

з праклёнам

ты хілішся ўніз.

Ну, і што ж. І кляні. І хлусі.

Я іду.

Мы такімі былі,

І такімі мы будзем.

Ведай гэта, Форд.

Пліз. Пліз!

1969—1971.

Нью-Йорк — Мінск

1 Калі ласка


1969; 1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан