epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Плыве, плыве зямля паволі..."

Плыве, плыве зямля паволі,

Расой абмыўшыся, ў зару.

Як лёгка мне свой лес і поле

Вітаць у гэткую пару.

 

Плыве, плыве зямля, нанова,

Як маці, ўсім рыхтуе дар.

Як добра гэткім часам слова

Паслаць людзям — пра свет без хмар.

 

Плыве, плыве зямля пад промні

І песціць радасцю жыццё.

Як лёгка мне тварыць ёй помнік —

Любіць з ёй рунь, траву, лісцё.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан