epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Поле

Гром гэта поле біў. Вогненныя вятры

Шалелі з крыві,

як д’яблы, мясілі гліну.

І назвалі яго мае сябры

Мёртвай далінай.

 

Колькі тут засталося брацкіх магіл

З помнікамі і так проста!

Пахавана ў іх на стагоддзі тугі

І ўцехі сяброўства.

 

Сек гэта поле свінцовы град.

Але мінулі дні. Фронт адышоў далёка.

І вярнуўся з вайны земляроб-салдат

Да разлогаў шырокіх.

 

Моўчкі ён плуг з зямлі адкапаў.

І злосна, бы ў пекле апошняга бою,

Першую скібу на полі паклаў

Адною рукою.

 

Вольныя гоні засеяў зярном,

Чыстым, як слёзы маці,

І поле адзела пад цёплым дажджом

Зялёнае плацце.

 

Звонам пчаліным гукала яно.

І выйшаў салдат на прыволле,

І словы сказаў, што карцелі даўно:

— Мілае поле!

 

Ды раптам спыніўся яго пагляд

На ціхіх брацкіх магілах,

І ўвесь уздрыгнуў і пачуў салдат,

Як сэрца забіла.

 

Мужных сваіх прыгадаў ён сяброў,

І гора, і радасць пяхоты

І зноў захацеў ад зялёных дуброў

У пятую роту.

 

Каб зброю узяць ды ісці на бой,

Крывёй чужаніцаў заліць наўколле {паўколле

За салдацкія сэрцы, што пад зямлёй,

І за роднае поле.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан