epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Помнік герою рэвалюцыі

Ці ў летнюю спёку, ці ў зімнюю сцюжу

На плошчы, ўвесь час гаманкой і жывой,

Стаіць ён, адзеты ў гірлянды і ружы,

Стаіць з непакрытай сівой галавой.

 

Стаіць ён таму з галавой непакрытай,

Што перад народам заўсёды стаіць,

З якім столькі пройдзена ім і пражыта,

Які так умеў шанаваць і любіць.

 

Стаіць ён, падставіўшы грудзі пад вецер.

Як бы ўспамінае рашаючы бой...

І маці спяваюць, каб іхнія дзеці

Раслі вось такімі, як гэты герой.

 

Мой друг!

Колькі б раз ты па плошчы ні крочыў —

Спытайся ў сябе: а ці так ты жывеш,

Каб смела герою зірнуць мог у вочы?

Ці так свае сілы жыццю аддаеш?

 

Вучыся прайсці праз нягоды і ростань

Нязломным Радзімы байцом агнявым!

Знай: звацца герояў нашчадкамі проста,

Але не так проста быць роўнымі ім!

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан