epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Помста (Драматычная паэма)

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ДРУГАЯ
  КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
  КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
  КАРЦІНА ПЯТАЯ
  КАРЦІНА ШОСТАЯ


ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

 

Ускраіна вёскі. Паміж вёскай і лесам, што ўстаў на даляглядзе,— загоны даспелага жыта. Край аднаго загона зажаты. Відаць, што снапы былі ў бабках, але параскіданы. У жыце — палявая дарога. На ўтрамбаванай пляцоўцы — проста пасярод паклычанай патаптанай збажыны — спынілася машына. З яе вылазіць фашысцкі генерал. Перад ім выцягнуліся ў струнку розныя вайсковыя чыны. З боку вёскі чуюцца стрэлы і спалоханыя крыкі.

 

Генерал

(не павітаўшыся, злосна)

 

Праклятая зямля!

Няма нідзе кутка

Спакойнага...

Яе заваяваць

Нам загадаў наш фюрэр,

Каб навек

Была яна

ў пакоры!..

Так!

Заўжды!

Заўжды рабы

Павінны тут страчаць нас!..

А яна

І заваяваная

Усё роўна не дае

Ні хвілі адпачыць...

А-а?..

Што значыць гэты шум?

Хто там страляў?

Па кім?!

Па нас?!.

 

Афіцэр

Гер генерал...

 

Генерал

(махае пальчаткай)

А-а!..

 

На пляцоўку ўвальваюцца некалькі салдат і афіцэраў— яны нясуць на руках акрываўленага эсэсаўскага маёра. Генерал, адхіляючы ўсіх, уважліва ўзіраецца ў твар параненага.

 

Мой сын!

Адзіны мой!

Навек адзіны сын!..

 

Усе фашысты стаяць як аслупянелыя. Маёра апусцілі на падасланы шынель. Паранены ляжыць нерухома.

 

(Генерал становіцца на калена перад параненым.)

Наследнік мой!

Адзіны, любы сын!..

Скажы хоць слова,

Паглядзі на свет!

То — я, твой бацька...

Вось я... Побач... Тут...

Скажы хоць слова,

Супакой душу...

 

Маёр застагнаў, расплюшчыў вочы. Генерал прыўзнімае галаву маёра.

 

Маёр

Фатэр... Майн лібер фатэр...

Майн лібер генераль...

(Пасля паўзы, гучна.)

Іх... майн лібер...

 

Генерал

О, мой любімы,

Мой адзіны сын!

Скажы,

Хто на цябе падняў руку?

Я нават пад зямлёй

Яго знайду,

Усё ўзніму,

Перавярну,

Спалю,

Знявечу

І зруйную ўсё наўсцяж!

О, мілы мой,

Дай абніму цябе,

Скажы —

хто ён,

Той, што цябе забіў?!

 

Маёр

( выразна)

Пом-ста...

 

Галава маёра адкінулася безжыццёва. Генерал моўчкі падымаецца. Лютымі вачамі азірае ўсіх, хто выструніўся перад ім. Сціскае лоб рукой.

 

Усе

Хайль!..

 

Генерал

(паказваючы ў бок вёскі)

Вы чулі ўсе,

Што адказаў мой сын?!

Шукаць!..

Перавярнуць зямлю!..

Знайсці!!!

Ідзіце!..

Не шкадуйце

Ні жывых,

Ні мёртвых!

Спапяляйце

кожны дом!

Хай выгарыць

Праклятая зямля.

Хай анямее

Усё тут

і самрэ!

Знайдзіце

Помсту,

Знішчыце

навек,

Каб ні адзін больш

фюрэра салдат

Той Помсты

не сустрэў!

Ідзіце!..

Ўсе!..

Шукайце Помсту!

Помсту!!!

 

Усе бягуць у бок вёскі. Здалёк наплывае мелодыя сумнай жніўнай песні. З мелодыі — маркотны жаночы голас.

 

 

Ой, загон, загон, ды шырокі мой,

А дзе ж той ратай, што тут араў-а?

Што тут араў ды баранаваў-а?

А дзе ж ён долечку сваю

пасеяў-а-а?..

 

 

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

 

Вёска. Гараць хаты. Страляніна. Фашысты дабіваюць параненых жыхароў. Прывязаны да бярозы селянін. Яго б’юць і дапытваюць. Падпальваюць снапы жыта, кладуць селяніну пад босыя ногі.

 

Нямецкі афіцэр

Скажы, дзе Помста,

быў ён тут?!

 

Селянін

(усміхаецца скрываўленымі вуснамі)

Пом-ста...

Хочаш знаць, дзе помста...

(Стогне.)

А-а-а...

Дзе б ты ні ступіў...

Дзе б ні прайшоў...

Усюды...

Грымне гром...

Гром нашай кары грознай...

Так!.. Ён загрыміць...

І спапяліць...

Нянавісцю цябе...

 

Афіцэр

(страляе ў селяніна)

Русіш швайн!..

 

Селянін

(праз кроў, з апошняй змогі)

Пазнаеш...

Пазнаеш...

нашу помсту...

кат...

 

Афіцэр

(страляе зноў)

Швайн!..

 

Селянін

Пом-ста... Пом-ста!..

(Памірае.)

 

Афіцэр страляе ў мёртвага. За сцэнай гучаць знаёмыя мелодыя і голас.

 

 

Ой, жала я, жала, ой, жыта жала-а...

А нашто я жала ды снапочкі вязала-а...

Ой, ведаў мой ратаю, дзе поле араці-а...

Ды не ведаў, дзе долечку засяваці-а...

 

 

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

 

Лес. Паляна. Групамі партызаны. Хто ўладкоўвае баявы рыштунак, хто размаўляе. На пяньку, пад высокай сасною, сядзіць Маці, сівая, задумная. Перад ёю — сын, камісар партызанскага атрада.

 

Камісар

(нібы ў роздуме)

Даруй, матуля,

што трывожу зноў

Цябе

Суровай думай пра вайну...

Але ж...

Ты ж знаеш, любая мая,

Як даражу

з маленства я

тваім

Найзапаветным словам...

Ты, і толькі ты,

Дала мне любасць

Да ўсяго ў жыцці,

Што знана сэрцам...

Ты,

з калыскі ты

Мяне вучыла

Так пражыць свой век,

Каб цэлы свет

У мой паверыў лёс...

Каб люд увесь —

і ў горы, і ў бядзе

Чакаў спагады

ад маёй душы...

Мой позірк,

Маю песню,

Покліч мой,

Руку маю —

сабе ў апору браў...

 

Маці

(як бы сама сабе)

Так, так, мой сын.

Няма найвышэй спраў,

Чым тыя,

Што нясуць

людзям жыццё...

 

Камісар

(з узрушэннем)

Скажы ж, матуля,

Як мне быць цяпер,

Калі ліхая сіла

сее смерць!..

Гарыць зямля.

Пакутуе народ.

Прыйшоў чужынец.

Сталлю і агнём

Руйнуе край...

Ні матак,

Ні дзяцей,

Ні старасці,

Ні слабасці людской —

Нічога не шкадуе...

У агонь

Кідае песню,

Мару і душу...

Дык як мне быць, матуля,

Як мне быць?..

Я ж вырас

не для смерці —

Для жыцця!

Як ты вучыла —

Не стаптаць, а ўзняць...

А тут...

Скажы, матуля,—

што ж рабіць?

 

Маці

(спакойна, крыху летуценна)

Мой сын...

Ці помніш ты,

Мой любы сын,

Як падае ў даёнку

Малако?..

Калі яно звініць —

Тады душа,

Здаецца, пазнае,

Што значыць —

жыць...

 

Камісар

Так, так, матуля...

 

Маці

Ты калісь любіў

З даёнкі

Піць набгом...

 

Камісар

Я помню ўсё.

 

Маці

(узбуджана)

А ведаеш, сынок,

Як гаркавее

часам

малако?

Ты памятаеш...

Ты не мог забыць...

У дні,

Калі спякотны сухавей

Спячэ ўсё ў полі,

Ў лузе,

На лажках,

І нават

На палянах у бары

Трава пасохне —

Вось тады з цыцок

Не пахкі,

Звонячы,

Бяжыць струмень,

А цэдзіцца

Журботная туга

журботнай кропляй...

нават і з крывёй...

Дык вось у гэты час

Не спіць, бывала,

Сумнае сяло —

Уночы гонім статак на расу,

Каб ранкам мець

Хоць корчык малака...

 

Камісар

Я помню, маці...

 

Маці

А на той мяжы,

Дзе я цябе карміла

У дзень жніва,—

Ты помніш

Перапёлчына гняздо?

Яго падмыла ліўнем,

І над ім

Ты плакаў,

Каб сагнала я хутчэй

Ваду з мяжы;

І ручкаю сваёй

Ты засланяў гняздзечка

Ад бруі,

Што, пенячыся,

Бегла між травы...

 

Камісар

(ківае галавой)

Так, маці...

 

Маці

Сын!

З калыскі

праз гады

Вучыла я цябе

Любіць жыццё.

І сёння —

зноў

Даю такі ж наказ:

Любі, сынок, жывое

І заўжды

Сваім жыццём

Яго аберажы...

 

Камісар

Матуля...

Але ж вораг сее смерць...

Як можна

У гэтай лютасці й крыві

Любоў успамінаць?..

 

Маці

Мой родны, не пытай.

Любоў з табой

Павінна быць заўжды.

Яна ў крыві,

Яна ў душы тваёй,

Яна навекі,

І заўжды сама

Падасць свой кліч,

Падкажа,

што рабіць.

Ідзі, мой сын,—

Пакуль яшчэ наш край

Не выпалены ўвесь,—

Ідзі, вядзі

Людзей наперад

І любой цаной

Яго аберажы... абарані...

 

Камісар

Табе, матуля, дзякуй...

 

З-за дрэў выбягае малады партызан.

 

Партызан

(узрушана)

Камісар!..

 

Камісар

Што, дружа, ёсць навіны?

 

Партызан

Камісар!

Мяне паслаў

З запіскай камандзір.

Вось тут!

(Падае запіску.)

Там бой...

Там ворагі сяло...

З людзьмі... спаліць...

Там бацька...

Камісар!..

 

Камісар

(прачытаў запіску. Да партызана)

Заві людзей!

Усе каб чулі кліч...

На бой.

 

Партызан

(бяжыць, гукае)

Таварышы, хутчэй!

 

У лесе рух. Партызаны са зброяй бягуць групамі да камісара.

 

Камісар

Матуля...

 

Маці

Не пытай, мой сын. Ідзі!..

 

Камісар

За мной, сябры!

Усе хутчэй за мной!

Бягуць.
Заслона і песня.

 

 

Ой, жала я, жала, ой, жыта жала-а-а,

Жала ды з сонейкам размаўляла-а:

А скажы мне, ясна сонейка-а,

А куды ісці мне дадомачку-у,—

А ці край саду вясновага-а,

А ці край бору зялёнага-а?..

Ой, ні край саду вясновага-а,

Ой, ні край бору зялёнага-а,

А там — дзе ўзышла долечка горкая-а-а...

 

 

 

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

 

Дагараюць, дымяцца дворышчы спаленай вёскі. Дзе-нідзе яшчэ пырскаюць іскры з пачарнелых каміноў па папялішчах. Дзесьці недалёка чутна густая страляніна, ідзе бой. Першы план: уцалелыя ад пажару, абпалены клён і бяроза, за імі — папялішча хаты. Пад клёнам — студня... Перад ёй на каленях, упаўшы на зруб галавою з распушчанымі косамі, вясковая маладзіца.

 

Маладзіца

(прытомнеючы, ломіць рукі, галосіць)

Зялёны зруб!..

І студня!..

І майго маленства

любы клён!

О ты, сама зямля,

Ты, што спрадвек

Шукала шчасця

Ў нараджэнні і жыцці людзей!..

Няўжо не чулі вы

Пякельных планаў

Дзетачак маіх?!.

(Захліпваючыся.)

О горачка!

О клён!

Чаму ты, клён,

Не засланіў сабой

Іх перад смертухнай?

Не ўратаваў

прад катамі?

Чаму

Галлём не высек

У ліхой бяды вачэй —

У душагубаў лютых,

Што кідалі

плачак

у агонь?!

(Падае з глухім рыданнем перад студняй.)

О горачка!

(Надрыўна.)

А-а-а!

О студня!

А хоць ты чаму

Не падала спатолі ім?

Жывой вадой

Не заліла агню,

Што жэр іх, слёзных...

Чаму, скажы,

Нс загаіла ран?..

Няўжо табе іх боль быў —

як не боль...

А ты ж сама, о студня,

Ты ж сама,

Народжаная холадам глыбінь,

Так смягнеш,

Калі доўгі сухавей

Зямлю паліць пачне...

Тады крычыш,

Тады крычыш ты, студня...

А цяпер

Чаму маўчала і маўчыш, скажы?..

Маўчыш,

Гаротны чуючы

мой плач...

 

Раптам, як быццам нешта пачуўшы, кідаецца на зруб студні, глядзіцца ў ваду. Убачыла там свой адбітак — сівую, не падобную на сябе.

 

Што там?

Там нейчы твар...

(Са спалохам.)

Сівыя косы...

Чорныя кругі

Пад болем воч старэчых...

Зморшчкі губ?..

Чые яны?!.

(Пазнае**.)

Няпраўда!.. Не!..

Не я гэта, не я!

Я — маладая!..

Прывід, адыдзі,

Не муч мяне!..

(Задумваецца, нібы ўслухоўваецца ў самую сябе.)

А можа, гэта ты,

Жахлівы лёс,

Завеш мяне...

туды —

Ў бяздонне,

ў прорву небыцця?..

(Сціскае рукамі галаву, рыдае.)

О божачка!..

Ну што ж —

Заві,

Бяры мяне!..

Бо для чаго мне жыць,

Нашто хадзіць па свеце,

Калі ў люты час

Я не была

ля дзетухнаў маіх!

Не прыхінула

Да сваіх грудзей

Перад пакутай лютай...

Ў страшным тым агні

О хіба ж я

Дала б ім паміраць!

Не! Не!

З пякельнай мукай

Лепей бы сама

Я адышла ў нябыт,

А іх бы зберагла!

О божа!

Адкажы мне, лёс,

Нашто, скажы,

Нашто мне гэта сонца,

Калі іх няма,

Нашто мне неба

І вось гэты дзень,

Калі не ўчую

іхніх галасоў,

Нашто пясок мне

гэты жоўты

На якім

Не ўбачу болей

Следу ад іх ног!..

Нашто, нашто мне ты,

Ўвесь белы свет,

Без іх,

Без ненаглядных

Дзетачак маіх!

Нашто!

Нашто!

Скажы, зямля!

(З надрывам.)

Нашто-о-о!

Нашто-о-о!

 

Рэха

О-о! О-о!

(Маладзіца спыняецца, слухае.)

О-о! О-о!

 

Маладзіца

Што там?

Адкуль пачуўся

голас мне?

А мо ажыў хто

ў попеле?

Не спапялелі сэрцы,

сталі біцца зноў?

 

Бяжыць на папялішча. Нечакана затрашчала галавешка, пасыпаліся іскры... Маладзіца кідаецца на іскры. Яны гаснуць.

 

Не трэба гаснуць, яскі!

Ясіначкі-ясінкі!..

Дайце паглядзець,

А можа, вы

зусім не іскры?

Можа, вы —

слязіны

З іх вачэй?

(Крычыць.)

Пастойце!

Пастойце!

Ляціце мне ў далонь!

Я вам скажу,

Скажу вам, іскры,

Слёзы вы ці не!

 

Маладзіца з глухім рыданнем падае ніцма на дол. Іскры стухлі. Сонца ласкава глядзіць з вышыні. З рэдкага хмызняку край вёскі выходзяць гуртам партызаны, некаторыя — параненыя, з перавязкамі. Аднаго нясуць на насілках.

 

Камісар

Сябры,

Глядзіце, слухайце,—

Дзесь тут

Чуваўся плач.

 

Маладзіца

(з цяжкасцю ўзнімае галаву, спалохана глядзіць насустрач людзям)

Хто там?

Мо зноў яны?

Зноў карнікі?

Бронь бог!

Лепш мне не жыць!..

Не жыць!..

 

Партызан

(убачыў маладзіцу)

Сюды!

Таварышы!

Жывая тут!

Сюды, сюды!

 

Маладзіца

(пазнае сваіх. Але не можа ўзняцца з попелу. Праз плач.)

Свае?!

Ах, людцы!..

Не марудзьце ж вы!

Хутчэй ідзіце ўсе!

Вось хата мая светлая,

Вам будзе добра ў ёй.

І дзеткі ў хатцы —

Ясь і Ясечка...

Вы не зважайце, людцы,

Што яны маўчаць...

Яны паснулі...

Людцы!

Чуеце?

Лепш мне не жыць!..

Не жыць!..

(Захліпваецца рыданнем.)

 

Камісар

(падыходзіць да жанчыны, дапамагае ёй стаць на ногі. Партызаны бяруць маладзіцу пад рукі.)

Сястрыца наша...

Гора тваё слёзнае,

Павер,

І наша гора,

І попел гэты,

Дзе людскую кроў

І слёзы чыстыя

Паліў агонь,—

І нам нялёгка бачыць...

Ды трэба жыць...

Бо кроў і слёзы

Ўсіх ахвяр

У нас

Не проста

паляць сэрцы...—

Як паходня,

Прад намі

іх святло свяшчэннае.

Хадзем, сястра...

Душою

уваскрэсні

для жыцця...

 

Маладзіца

(абвялая, як сонная)

Братухна!..

О братухна!..

(Але раптам узрываецца.

Крычыць з болем і адчаем.)

Людцы

Вы — усе,

Што нечапаныя

Усталі з полымя!

Вы ж, праўда,

Там былі

І незгарэлыя

Вярнуліся адтуль?!

Усіх,

усіх прашу вас:

Паглядзіце вы пільней —

Мо вашы вочы

Убачаць

Хоць бы след

Ад дзетак маіх родных?!.

Мо яны

пайшлі кудысь?

Мо іх тут не было,

Калі палалі

сцены хат

І каміны

трашчалі ад агню?!.

Пагляньце ўсе —

Мо іх сабой

Акрыла

Матухна-зямля?

Мо дзесь

Яны чакаюць?

Мо пад той вунь

Цэглай,

Што збялела ў полымі? —

Мо там

Спалохана

Глядзяць іх вачаняткі?..

О людзі добрыя,

Хутчэй пагляньце ўсе,

Знайдзіце іх,

Не дайце згаснуць

Іскрам іх вачэй!..

(Як бы нешта ўбачыўшы, імкліва паказвае.)

Вось, вось!

Глядзіце!

Вунь яны!

Вазьміце іх!

Я не магу сама

Ступіць да іх,

Бо ног не маю...

(Спалохана.)

А дзе ж яны?..

Няма ў мяне і ног?!.

Святая сіла!..

Божа!..

 

Камісар падае знак. Маладзіцу адводзяць ад папялішча.

 

Партызаны

— Хадзем, сястра...

— Слязамі

Гору не паможаш тут...

— Хадзем...

Сям'я лясная

Будзе табе

роднаю цяпер...

 

Партызаны рушаць у паход. Ідзе жалобны гурт — байцы нясуць самаробныя насілкі. Крыху адзаду — пад рукі вядуць маладзіцу, яна галосіць.

 

Камісар

(падзывае рукой партызана,

які ідзе побач з насілкамі)

Як з вартай, дружа?

У засадах

Хопіць сіл,

Каб груганнё сустрэць?

Напэўна ж,

Карнікі

Не спыняцца

на гэтым...

 

Партызан

Так, камісар.

Надзейная

Пакінута ахова

На ўсіх шляхах,

На подступах лясных.

 

Камісар

Ну што ж...

Хадзем...

Цяпер, браток,

За ўсё

У адказе

Мы з табой...

 

Заслона і жніўная песня.

 

 

Ой, жала я, жала, ой жыта я жала-а,

Ой, нарабіліся ручкі мае-а,

Ой, натаміліся ножкі мае-а,

Дый наплакаліся вочкі мае-а-а...

Аёй, долечка ж, доля ты мая-а-а...

 

 

 

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

 

КАРЦІНА ПЯТАЯ

 

Пажаўцелы загон жыта падступае да самага лесу. З жыта —дарога, па якой падышла да ўскраінных соснаў калона партызан. З глыбіні лесу выходзіць Маці, яна паволі ступае між рэдкіх стромых дрэў. Спыняецца на мяжы лесу і жыта. У руках у Маці — клуначак. Яе абступаюць партызаны на чале з камісарам. Падводзяць маладзіцу — вочы закрыла хусцінкай, плача.

 

Камісар

(схіляе галаву перад Маці)

 

Матуля...

Даруй нам, горным,

Што прынеслі

Сэрцу твайму жаль...

Не гневайся,—

З суровай весткай

Мы прыйшлі

Адтуль,

Дзе столькі душ людскіх

Чакалі

Дапамогі шчырай...

Цяжкою мерай

Вымярае лёс

Сягоння

мужнасць нашу...

У баі

Загінуў сябра любы —

Камандзір...

 

Маці

(спыняе камісара)

Пастой...

Сынок...

(Да маладзіцы.)

Хадзі сюды,

Гаротніца мая...

Да матчыных грудзей

Нясі

Святы свой боль...

Цяжкую муку,

Што за ўсіх

Сягоння прыняла...

 

Маладзіца ўткнулася ў грудзі Маці, калоціцца ад плачу.

 

Хоць слёзы

З воч тваіх

Пякуць мацней агню

І працінаюць

Сэрца

Стрэламі грамоў,

А ўсё ж — ты плач,

Плач, мая доня...

Мо зямля

Чысцейшай стане

З гэтых слёз...

Мо наступны дзень

Для ўсіх людзей у свеце

Зробіць

Днём святла

Святы твой плач...

Аплаквай

Душы светлыя,

Што засталіся там —

На здратаванай

боем

Ніўцы нашай,

Пад попелам,

На папялішчах

чорнай смерці —

Усіх,

Каго нішто ўжо

Не падыме

да жыцця.

(Да камісара, паказваючы рукой

на загінуўшага камандзіра.)

Што ж ты,

Мой сын...

Што ж вы

Не ўбераглі

Такога —

светлага з найсветлых...

 

Камісар

Матуля...

Але ж ён...

Ты ж ведаеш,

Які ён быў заўжды...

Хто мог

З ім смеласцю

І рызыкай адвагі

Параўнацца?

Хто мог глядзець

Так мужна

У вочы смерці?..

 

Маці

(У роздуме, мацней прыхінаючы да сябе

змарнелую маладзіцу )

 

О доля маці!

Ці гадала я...

Як і яна вось,

Доня слёзная,

Што пад рукой маёй,

Бы птушка, зараз б’ецца...

Ох, ці ж гадала я,

Што пад канец

жыцця

Мець буду

Столькі смутку!..

Не хаваць,

Не назіраць,

Як дол капаць

пачнуць,

Каб аднаго

Найлепшага з сыноў

аддаць зямлі.

Не!..

А даставаць

вяселля ручнікі,

Маністы і каралі

прымяраць.

Да ног сыноў

Кідаць зярнятаў жмені.

Падводзіць маладых

Да іх кубла.

Праводзіць

блаславеннем

У жыццё.

І ў слёзах шчасця

Бачыць

прад сабой

Унукаў

Прамяністыя усмешкі!..

О доля маці...

Як суцешыць боль,

Што паліць сэрца...

(Да камісара.)

Сын!..

Патрэбна ж пахаваць

Нам

Абаронцу нашага...

Ці ўсё гатова,

Каб яго ў апошні шлях

Правесці?

 

Камісар

Так, матуля,

Вунь на той гары,

Адкуль відаць

уся наша зямля,

Магілка яго будзе...

 

Першы партызан

Як любіў

Адтуль глядзець ён

На абсяг палёў

І часта думаў

Думы там услых,

Каб чулі мы,

Жылі душою з ім!

 

Другі партызан

На тым кургане стоячы,

Не раз

Ён марыў

пра шчаслівыя дзянькі,

Калі вайны навала

скончыцца...

 

Трэці партызан

«Тады,—

Казаў ён,—

Вернемся ў сяло...

Тады...»

З якой ён ласкай гаварыў

Пра час,

Калі зноў прыйдзе

У школу

Да дзяцей!

Як маляваў ён

Першы школьны ўрок

Пасля вайны! —

Са словам

пра баі,

З наказам

Шанаваць і берагчы

Усё, што дарагой цаной

народ

Змаганнем за жыццё

заваяваў!

 

Камісар

Так, гэта праўда...

Хораша любіў

Ён і людзей сваіх,

і родны свет...

Няхай жа

пухам

Будзе яму дол

Зямелькі роднай...

У апошні шлях

Да будана апошняга свайго

Няхай ён пройдзе

светла і без слёз

Як воін

Сярод воінаў...

 

Маці

(да камісара)

Чакай...

Пастой, сынок... Дай маці

Хоць хвілінку па-над ім

Пагараваць...

(Цалуе камандзіра, доўга ўзіраецца ў твар, хрысціць яго.)

 

Камісар

Хрысціць навошта?.. Маці...

 

Маці

Не таму

Хрышчу,

каб перадаць

Душу яго

Якомусь богу...

Не!..

Не богу

ён служыў,

Не райскіх кушчаў,

Не святой уцехі

прагнуў —

Не!..

Служыў

Душою праведнай

Людзям

І з імі

Ў памяці

І ў сэрцах —

Вечна будзе

Сярод вечных!..

А хрышчу —

Каб дух чужынцаў лютых,

Што яго крануў,

Наслаўшы смерць,

Зняць назаўжды

І назаўжды ачысціць

Воблік дарагі

Прад тым, як у зямельку

Чыстую пакласці...

(Яшчэ раз цалуе твар камандзіра,

махае рукой.)

Ну што ж,

Ідзіце зараз...

 

У гэты момант з боку спаленай вёскі пачулася страляніна.

 

Камісар

Хлопцы!..

Дзесь страляюць?..

Бой?!

 

Партызаны

— Аберажыце Маці!

— У лес вядзіце, ў лес!

— І маладзічку з ёй...

— А дзе ж яна?..

 

Камісар

Сюды!

Сюды, матуля!

Тут вось

Будзьце з маладзіцай!..

 

Страляніна як раптоўна ўсчалася, так і сціхла. Але партызаны занялі абарону. Заслона і песня.

 

 

Ой, жала я, жала, не зжала па сонейку-у,

Ой, ці буду жаці, ці дажну пры месіку-у,

Ой, а пры месіку раса сцюдзёная-а,

Ой, ды сцюдзёная-а ды пякучая-а...

А ты ж, мая долечка, доля плакучая-а...

 

 

 

 

КАРЦІНА ШОСТАЯ

 

Тое ж прылессе. Партызаны, якія ў хвіліны трывогі акружылі Маці, расступаюцца. Маці сядзіць на расквечанай купіне — як быццам зямля спецыяльна ўтварыла для яе ў кветках троннае ўзвышэнне. Каля яе, з тварам у хустку, маладзіца. Некалькі партызан па дарозе з жыта вядуць фашысцкага генерала, які ўпарціцца і крычыць.

 

Маці

О, мусіць, птушка важная,

Што так дзярэцца.

 

Партызаны

(якія прывялі генерала)

— Камісар!

— Матуля!

— То галоўны кат!

— Сам генерал,

Што загадаў

Знішчаць сяло...

— З людзьмі...

— Паліць...

— На след

Сваіх злачынстваў,

На ахвяры

Ехаў паглядзець...

 

Маці

А-а-а...

Дык вось хто завітаў

Да нас у госці...

Генерал...

Чаго ж

Крычыш ты, пане?..

 

Генерал

Іх бін генераль!

О русіш швайн!

 

Маладзіца

(Скаланулася, пачуўшы нямецкую мову. Падхопліваецца з месца, крычыць.)

То ён!

Матуля, ён!

Я бачыла!

Я за ракой была!

Я бачыла!

Ён аддаваў загад

Забіць дзяцей маіх!

(Прабуе вырвацца з рук партызан.)

Ён!

Ён аддаваў загад!

Я бачыла!

Я за ракой была!

Ён згубца

Дзетачак маіх!

(Рыдае.)

О, для чаго мне жыць,

Калі сама

Я не магла згарэць

Там, побач з імі...

Маці!..

Гэта ён!..

Паліць! —

То ён загадваў!

(Кідаецца на генерала, яе стрымліваюць.)

 

Генерал

(засланяецца рукамі)

Не, не!

Я не даваў загад!

Я генерал.

Я не паліў дзяцей.

То ўсё салдат.

Ён біў.

Ён сам страляў.

Не, не!

Я не паліў дзяцей!

 

Маці

А-а...

Дык ты

І нашай мовай,

Бач, загаварыў...

 

Камісар

І нашы словы

Вывучыў,

Каб лепш

знішчаць народ...

 

Партызаны

(у адзін голас)

Матуля,

Смерць яму!

(Звяртаюцца да камісара.)

Чаго чакаць,

Дазволь нам,

камісар!

 

Генерал

(як заведзены, са страхам)

Я не паліў!

Матуля, матка, маці!

Я не біў!

То ўсё салдат!

Салдат страляў!

 

Партызаны

— Іш, артыст!

— Цяпер ён маці ўспомніў

І матулю кліча...

— Бляе авечкай,

а дасюль...

— Пакуль гуляў па краі

З куляй і агнём...

— І ў душагубках

нішчыў немаўлятак...

— Не ўспамінаў

матуляў...

— Смерць, смерць яму,

Чаго чакаць!..

 

Маці

(падымае руку. Хітаючы галавой.)

Смерць... Кроў...

Ён знае гэта ўсё...

Ён добра знае,

Колькі тут праліў

Народнай кроўкі...

І колькі жыццяў загубіў

Са зграяй катаў,

Што прывёў сюды,—

Душыць Радзіму нашу...

Таму ён зараз

і трымціць...

(Паказвае рукой на генерала.)

Глядзіце, людцы,

Як ён страхам

поўніцца...

 

Генерал

(істэрычна)

О не!

Я не паліў!

О маці!..

 

Маці

Бачыце, дрыжыць...

Чакае, што і мы

Распалім вогнішча

І кінем яго,

помсцячы за ўсё,

Гарэць у полымі...

 

Камісар

Матуля...

Але ён жа заслужыў

Адплату, помсту!

Смерцю!

Толькі смерцю

Можа заплаціць

Ён за сваю

ліхую лютасць!

Гэта ж ён,

Руйнуючы наш край,

Хацеў знайсці і знішчыць

Помсту нашу.

Хай жа паглядзіць

У вочы ёй

ён зараз.

Хай ніц падзе,

Як занясе

яна

Над ім

Свой меч суровы!

 

Галасы партызан

— Так!

— Ліхадзею ёсць адзін прысуд,

адзін!..

 

Маці

Не, дзеці, не...

Не ў смерці

Хай убача нашу помсту кат!

Не ў кулі,

Што па ім ударыць

І залье

Крывёй паганай

Гэты чысты дол...

А будзе помстай нашай

Для яго —

Жыццё зямелькі нашай,

Непарушнае жыццё,

Якое

Марыў ён

спаліць...

Дыханне ніў.

Праменні сонца.

Жытні пах.

Птушыны грай

па золаку.

Людскія галасы.

Сякераў звон

І бёрнаў грук

На дворышчах старых,

Дзе будзем ставіць

хаты новыя.

Святло

Ў шырокіх вокнах.

Гул дарог,

І ў школах

Песні звонкія дзяцей —

Вось будзе

наша помста

для яго!

Дык развяжыце

рукі кату

І завядзіце яго

Ў Грабскі лес.

Сцяжынай той,

Ход па якой

З маленства

Ведам

Толькі вам,—

Між выдмаў,

Паміж прорваў,

Па хмызах

Вядзіце ката

На Сталетнікаў закут —

На выспу балацяную

ў дрыгве —

І там пакіньце...

 

Партызаны

— Маці!

Але ж колькі там красы,

На выспе той!

І ліхадзею ўсё аддаць?..

— Крынічкі там...

З крынічак

Будзе піць ваду

кацюга...

— А чабор,

А нерушы суніцаў

На грудках!

— Матуля!

Колькі там ажыны

між дубкоў!

— Не пасылай туды паганца,

Маці,

Пашкадуй

Зямную волю...

 

Маці

Даўно было,

Калі я чула сказ

Пра час далёкі...

Ад сівых вякоў,

Ад прадзедаў

Дайшла

Пра наш Сталетнікаў закут

Легенда...

Чуйце, дзеці...

Заўжды, заўжды —

Сцвярджае даўні сказ —

На выспу нашу

Вольна

Мог заходзіць

толькі той,

Хто з добрым,

чулым сэрцам

Між людзей пражыў.

Любіў людзей

І ўсё рабіў для іх

З душою светлай...

І вы не раз

З маленства

Па грыбы туды,

Па ягады

Без боязі

Хадзілі...

Але — гаворыць сказ —

Спакон вякоў

Жыве

над выспай тою —

Вартаю святой —

Замова грозная

Зямелькі нашай:

Хто трапіць

З чорнаю душой,

З душою лютай

У Сталетнікаў закут,

На выспу ў багне,—

Там і застанецца...

Не, няма

Адтуль яму

Між прорваў ходу,

Няма збавення

Ад сябе самога,

Выратавання

Сэрцу лютаму

Няма...

Вядзіце ж, дзеці,

І яго —

Таго, што зараз

Стогне перад вамі,

На той закут...

Вядзіце і не бойцеся —

Ад кары

Нікуды не ўцячэ ён:

Правам маці,

Мне дадзеным

Зямелькай нашай роднай

Ад прадзедаў,

Я праклінаю ката!..

На выспе той

Днём,

Ад усходу сонца да заходу,

Ён будзе чуць

Стозвонным

Гулкім рэхам

Жывыя галасы жыцця...

Пачуе ён,

Як грымнуць бубны

На вяселлях вашых,

Як жаваранак

Зазвініць у небе,

Каб прывітаць

У мірным полі вас,

І будзе рады ён

Хутчэй памерці там,

Але не зможа —

Смерць яго жахнецца...

І будзе ён насіць

Сваё бяссілле —

Як закляты...

А ўночы да яго

З усіх кірункаў

Прыйдуць

І паўстануць

Па-над ім —

Ахвяраў яго,

Мучанікаў стогны,

Енк немаўлят,

Што ён паліў жывымі,

Праклёны мацярок,

Удоваў плач...

І будзе ён

Крычаць

Прад імі

Немым крыкам,

Заходзіцца ад страху,

Ды ніколі

Ніхто яго, кацюгу,

Не пачуе,

Апроч савы

ці пугачоў балотных

Апроч ваўкоў галодных,

Апроч рысі,

Апроч вужакаў,

Што яго абкружаць

І будуць пазіраць,

Як чэзне ён...

Па праву маці,

Дадзеным вякамі

Мне ад зямелькі роднае,

Магу я

Сваім закляццем

Кожную сунічку

Зрабіць

Крывінкай млоснай

для яго,

Вадзіцы кроплю

З чыстае крыніцы

Магу

Для ліхадзея

Неспатольнай

Зрабіць...

Але няхай...

Няхай жыве...

І хай там

Усё больш і больш

Чарнее,

Няхай заходзіцца там

люты гэты кат,

І чуючы, і бачачы,

З якой —

З бясконцай,

з неўміручай —

прагай жыць

Ідзе сваёй дарогаю

Наш край...

 

Камісар

Ну што ж, матуля...

Будзе так...

(Загадвае партызанам-вартавым.)

Вядзіце!

 

Генерал

Я не хачу!

Я генерал!

Я чуў усё!

Страляйце лепш,

Або зарэжце,

Або ў пятлю вядзіце,

толькі не туды!

 

Маці

Не, генерал!..

Не, з галунамі

залатымі кат!..

Не ўмеем мы,

Не вучаны спрадвек

Ні рэзаць горла

Так, як вы навучаны,

Ні шыбеніцы ставіць...

Страляць умеем,

Вымусілі нас

Трымаць

вайны закон...

Ды толькі ты

Сваю,

Сваю, вярхоўны кат,

Спазнаеш кару!..

 

Генерал

Не!!!

 

Першы партызан

Кроч, ліхадзей паганы!

Не стагні!

Жыві, калі сказала маці...

 

Другі партызан

(з пагрозай)

Гэй!..

 

Генерала павялі ў глыб лесу. Ён крычыць ад страху і бяссільнага шаленства. Чуваць здалёк: «Іх бін генерал!.. А-а!»

 

Маці

(падзывае да сябе камісара)

Сын.

Паднясі мне

Клуначак вунь той...

Сярпочак там...

Пакуль вы будзеце

Магілку

Насыпаць

Над братам,

Над героем нашым...

Мы будзем

жаць...

Дачушка!

(Падзывае маладзіцу.)

Вазьмі сярпок.

Патрэбна жыць.

Жаць трэба.

Зажні жытцо...

 

Камісар і партызаны падымаюць насілкі і нясуць да высокага ўзгорка на ўскраі лесу. Маладзіца ўсёй жменяй забірае жытнёвыя сцябліны і падразае сярпом. «Жа-жах» — зазвінелі перастаялыя сцябліны. Жанчына зрабіла вязьмо, нажала сноп, пачала вязьмо завязваць. І раптам зноў захліпаецца рыданнем. Да яе падыходзіць Маці.

 

Маці

Што ж,

Акрапі жытцо слязой.

Хай кожны,

Хто з’есць хлеб

з твайго снапка,

Адчуе ў сэрцы

Назаўжды

Твой боль...

І з гэтым болем

Хай яшчэ мацней

Трымае зброю...

Што ж, паплач...

Але і жні...

І плач, і жні...

Патрэбна жыць.

Жаць трэба...

 

Маладзіца ўсё смялей набірае ў рукі жыта і жне. Вось ужо некалькі снапоў легла на загон. Маці збірае снапы, ставіць іх у бабку. Маладзіца, зусім як гаспадыня, позіркам працавітай жняі пазірае на Маці. Маці падыходзіць да маладзіцы, гладзіць яе па галаве.

 

Ну, вось і добра.

Вось і жні.

Нямала яшчэ бураў,

Можа,

Наляціць на наш загон.

Нямала, можа,

Слёз

яшчэ пральецца

З набалелых сэрцаў...

Але жыць трэба.

Жаць трэба.

І горкі

Трэба зберагаць

у нашай долі

хлеб...

Жні,

любая дачушка,

жні...

 

Па ўсім прылессі ідуць партызаны. Маці падбірае за маладзіцай снапы. Наплывае жніўная песня — спачатку адзін жаночы голас, а пасля — гучанне хору.

 

 

Ой, жала я, жала, ой, жыта я жала-а

Ды свайму сярпочку, плачучы, казала-а:

— А мой жа ты сярпочку-а,

спарней жні, сярпочку,

А не дай мне ў полі спаткаць сваю ночку-у...

Бо пайду шукаць долю —

долю-далёчку-у...

 

 

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан