epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Позірк Ільіча

У дні, калі Кастрычнік гулкім словам

Сказаў зямлі: — Нядолі путы скінь!..—

Прыжмураныя вочы Ільічовы

Уважліва глядзелі ўдалячынь.

Са Смольнага, дзе біла плынь імкненняў,

Дзе браў раўненне пераможны клас,

Ён справы новых бачыў пакаленняў.

Ён бачыў нас.

Ён добра бачыў нас.

 

Над чарцяжом, над кнігаю, над сшыткам,

Над колбай, за штурвалам, ля станка

Ён бачыў нас. І з намі на Магнітках

Ён домны ставіў, і яго рука

На Днепрабудах з намі сцены клала

І роллі засявала ў добры час,—

Ён ведаў, што зямля жыцця чакала,

І бачыў нас.

Ён добра бачыў нас.

 

Так, яшчэ там, на рубяжы грымлівым,

Калі кідаў Кастрычнік гулкі кліч,—

Сваю краіну ў сённяшняй імклівай

Хадзе вялікай бачыў наш Ільіч.

 

І нездарма, бацькам сваім на змену

Устаўшыя ад курнага карча,

Мы ў сэрцах адчувалі

Той праменны,

Той непаўторны

Позірк Ільіча.

І нездарма працуем, марым, крочым,

Будуем, сеем, да планет ляцім

Так, каб жывыя ленінскія вочы

Ўсміхаліся з ухвалай нам усім.

 

Жывём заўжды з адным, сябры, імкненнем:

Такімі быць і вымераць свой шлях,

Якімі нас калісьці ўбачыў Ленін

Адтуль, дзе даў народам слаўны сцяг!

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан