epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пра браціка і сястрычку

Правёў сястрычку ў школу брацік

І сціх каля акна.

Сумуе.

— Кінь,— сказала маці.—

Ды вернецца ж яна.

А ты гуляй, буквар бяры,

Глядзі малюнкі ў буквары.

 

Але яму няма ніякай

Цікавасці ні ў чым.

Сядзеў, маўчаў і вось — заплакаў,

Рабі што хочаш з ім.

 

Пазнаць, пра што яго трывога,

Не лёгка ў гэты міг.

Ледзь дамагліся ад малога,

Каб ён нарэшце сціх.

 

У нейкі новы свет дзівосны

Пайшла сястра яго.

І хлопчыку было зайздросна

І сумна ад таго.

 

І толькі ўдзень, калі са школы

Такая ж, як заўжды,

Прыйшла яна — ён стаў вясёлы,

Дзе й след ад той бяды.

 

Калі ж яна за стол прысела

Рабіць свой першы ўрок,—

У сэрцы хлопчыка гарэла

Да спраў яе незразумелых

Любоў, як аганёк...

 

Дык вось, сябры мае, рабяты,

Са школы — вас прашу —

Ідзіце ўсе хутчэй дахаты,

Аб тым і верш пішу.

 

Бо не адзін маленькі брацік,

Сястрычка не адна

Чакаюць вас у ціхай хаце,

Сумуюць ля акна.

1954


1953; 1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан