epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пра што расказала каліна...

Пра што расказала каліна

Над абеліскам?

Што так маладая дзяўчына

Схілілася нізка...

 

Пра што расказала каліна

У кветнай акрасе?

Што так маладая дзяўчына

За сэрца ўзялася...

 

Пра што расказала каліна,

Што прыгадала?

Што так свайго хлопца дзяўчына

Пры ўсіх цалавала...

 

Пра што расказала каліна,

Чым

высніла мроі?

Што так мілавала дзяўчына

Вясельныя строі...

 

Пра што расказала каліна,

Вітаючы вэлюм?

Што радасна так

маладыя

Ішлі на вяселле...

 

Ішлі — як адно,

не разняць іх

Ніколі, ніколі...

 

Пра што наказала каліна

Ля помніка ў полі?..

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан