epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Прадавец вінаграду

— Няма ім цаны,

Няма ім цаны,

Дарам Ферганы,

Дарам Ферганы! —

 

Ходзіць, спявае,

вясёлы і рады,

Рослы узбек, прадавец вінаграду.

 

Чынна адважвае скарб свой паўднёвы,

Кожнаму знойдзе сардэчнае слова,

Гронку цяжкую

падорыць дзяўчыне,

Ў хлопца-саперніка

кпінаю кіне,

 

Прыказку скажа, навокал: — А-яй!

Вось весялун, хоць ты сэрца аддай!

 

І немагчыма, зусім немагчыма

Міма прайсці — без саляма1 Карыма,

Гордасць узбека адчуеш ураз —

Быццам сваю,

за ферганскі калгас.

 

Цісну руку свайму новаму другу,

Слаўлю яго маладую акругу:

— Няма ім цаны,

Няма ім цаны,

Дарам Ферганы,

Дарам Ферганы!

 

1954

1 Салям – прывітанне.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан