epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Прадвесне

Яшчэ мяцеліць снег, яшчэ

Злуе, віхурыць віхар

гонка.

А сонейка як прыпячэ —

Ляцяць са стрэх

ільдзінкі звонка.

Яшчэ трашчыць на ранку лёд,

За нос мароз

не кінуў брацца.

А ўдзень — бяжыць праз агарод

Ручай —

з ільдамі паспрачацца.

 

Засцеле ноччу пухам бель

Сцяжынку ў сад, у луг іскрысты.

А днём —

вясновы карабель

Плыве ў праменнях

небам чыстым.

 

Махне туды-сюды

вясна

Рукой —

і ў полі рунь ачнецца.

І спеў жаўронка

ад цямна

І да цямна

ў праталле льецца.

 

І хоць ізноў у час начны

Ільдзінкі

сцягнуць воды хрустка,—

Ды чуй:

усё званчэй яны

Звіняць наўсцяж, вясны званы,

Ды бач:

бы ветразь ільняны,

Праменіць ярка яе хустка!..

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан