epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Прага

Так грымнуў гром —

аж войкнула, знямела

Ваколле ўсё,

што за зіму жыць звыкла спакваля.

А ўраніцу — зазелянела,—

божа, як зазелянела! —

Дажджом вясны абмытая зямля.

 

Як ён блішчыць, мурог,

як пахне соладка лісцё парэчак!

І я дрыжу ад радасці

і ва ўрачыстай думаю цішы:

Што ўсё маё жыццё, ўсе ідэалы —

не супярэчаць,

не, не супярэчаць

Той нейкай святасці,

што зараз родзіцца ў душы.

 

Няхай плывуць сцягі,

грыміць агонь касмічны ў соплах,

Няхай усё,

што аджыло свой век,

спадае ў небыццё...

І хай заўжды пасля марозаў

на зямлі і ў сэрцах будзе цёпла-цёпла.

І хай нясуць нам слёзы

першы весні дождж і першае лісцё!..

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан