epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пралеска (Паэма)

Выходзьце, выходзьце з хаты,

Выходзьце, сябры, на прыволле!

Бачыце —

Зеленаваты

Дым заклубіўся над полем?

 

Чуеце —

Трубяць трубы

Недзе ў блакітнай высі?

Гляньце — ўвесь край наш любы

Раптам зусім змяніўся!

 

Гэта ў лясах, на палетках

Зноў прабіваюцца кветкі,

Гэта з краін невядомых

Ляцяць жураўлі дадому,

Гэта з любімага краю

Вясна зіму праганяе.

 

Вясна зіму праганяе,

Красой зямлю аздабляе,

І вось чаму сёння гукае

Сябровак Галінка малая.

 

Гукае сябровак песняй —

На поле, на луг, на прылессе;

А дзе яны звонкай чародкай

Сярод дружбакоў-аднагодкаў

За дзень веснавы пабываюць,—

Таго нават самі не знаюць.

 

І толькі пад вечар дзяўчынка

Прыносіць з сабою ў хату

Хруст нерастаўшай ільдзінкі,

Пах багуну гаркаваты;

З поля — рокат машынны,

З лесу — шчэбет птушыны,

Кветку — з паляны над Сожам...

І потым заснуць не можа.

 

— Мамачка! —

Яна не змаўкае.—

Ды глянь жа ты, краска якая!

Стаіць на стале

Як жывая,

Прыйшоўшы сюды з пералеска,

І быццам наноў зацвітае,

Сінее

У шклянцы

Пралеска.

І хоча ўсё ведаць дзяўчынка,

У маці пытае Галінка:

— Мама! А краскі таксама,

Таксама спяць ночкаю, мама?

 

А мову яны разумеюць?

А многа іх, красак, на свеце?

А хто краскі гэтыя сее?

А будзіць іх хто на дасвецці?

Дзяўчынцы не спіцца,— ў хаце

Сінее вясновая кветка.

І прыгадалася маці

Жыццё яе.

— Слухай жа, дзетка.

 

*

Слухай, дзяўчынка мая ты,

Спі, засынай без трывогі,

Ведаю, шчасцем багатыя

Будуць твае дарогі,

Радасць дружыць заўсёды

Будзе ў жыцці з табою!

 

А вось што ў далёкія годы

Было з дзяўчынкай адною.

 

*

Якія яны, тыя годы? — пытаеш.

Вырасцеш —

У кнігах аб іх прачытаеш.

 

А толькі не гэтак даўно

Ў нашым краі,

У краі, дзе сёння ты падрастаеш,

У такой жа вось хаце

Над рэчкай Быстрынкай

Гадавалася

Ў маці

Дзяўчынка.

 

Месяц

Схіляўся нізка,

Ззяў над яе калыскай,

Вецер

З ранку да ранку

Пеў для яе калыханку.

 

Маці начэй не спала —

Песціла, даглядала,

Каб расла яна дужай на волі,

Не ведала крыўды ніколі.

 

Нарадзілася дзяўчынка вясною,

Калі ходзіць краса ў пералесках,

І за гэта яе між сабою

Бацькі празвалі Пралескай.

 

Год ад году Пралеска ўзрастала...

— Мама! А кнігі Пралеска чытала?

— Чытала, Галінка, запамінай...

Мірна жыў светлы край,

Мірны шлях шчасцем значыў.

Даў Пралесцы ён

Сонца для вёснаў,

Песні звонкія ў садзе дзіцячым,

Кніжку-ўцеху з казкай дзівоснай.

Мірна жыў яе край, ды аднойчы

Напалі на край ворагі злыя,

І затуманіліся крыўдай вочы,

Гнеўна ўспыхнулі сэрцы людскія.

— Ну, Пралеска, бывай жа здарова,

Буду я ўсюды сэрцам з табою,

Я з табой пайду ў бой! —

Шчырым словам

Так з сваёй развітаўся дачкою

Бацька-воін.—

Бывай, мая птушка!

— А ты вернешся скора?

— Скора, дачушка!..

 

А ворагі неслі пажары і кулі,

Па ўсім ішлі краі чорнай навалай.

І Пралеска-дзяўчынка з матуляй

Горкі шлях у няволю спазнала.

 

*

Адарвалі Пралеску

Ад родных узлескаў,

Ад родных палёў і залужжаў,

Выгналі чужынцы Пралеску

Басанож на мароз,

На зімовую сцюжу.

 

І так было дзяўчынцы балюча,

Што аж стала зіме яе шкода,

Прыпыняла зіма свой сівер калючы,

Адхуквала сцежкі між лёду.

І прасіла зіма, сама прасіла,

Каб хутчэй вясна з’явілася з сонцам,

Каб хутчэй снягі-ільды растапіла,

Устала над дзеўчынкаю абаронцам.

 

*

Дні — як ночы,

А ночы — без зораў,

Горш нядолі — няволя ліхая...

Анямела Пралеска

У смутку і горы,

Толькі журыцца ўсё

Ды ўздыхае.

Але маці ўжо чутна:

Вецер з усходу

Спеў жыцця, вызвалення даносіць.

Узнялася хутчэй:

— Дачушка, свабода!

Ачніся, мая ты Пралеска! —

Устаць яе просіць.

І як толькі над дзеўчынкай

З пошумам, з гулам

Сцяг узвіўся агністы, чырвоны,

Зноў яна

Голас любага бацькі пачула,

Спеў сяброў,

Шум бароў,

Гоман соснаў і клёнаў.

 

Сцяг чырвоны над ёю палае,

І яснее ўвесь свет прад вачыма,

І зіма снягі праганяе

І Пралеску вядзе да Радзімы.

Зноў там мір і спакой.

Зноў прадвесне.

Ні буры, ні грому.

Звонам поўняцца ў сэрцы Пралескі

Два словы:

— Дадому! Дадому!

— Так, дадому, Пралеска! —

Бацькі яе рады.

Так, дадому, да родных палёў, пералескаў!..

Клічуць звонка дзяўчынку

Шляхоў яе вольных прысады.

 

Ды не тая,

Не тая сягоння Пралеска...

На шчаках — не відаць ні крывінкі,

А збалелыя ногі

Не слухаюцца дзяўчынкі,

Хоць не прайшлі дарогі.

— Татачка! Даруй мне!..— Пралеска

шаптала.—

Не дайду я...—

І вочы з тугой закрывала.

А бацькі не спыняліся на руках з дачкою,

Сагравалі Пралеску сваёй цеплынёю

І прасілі, ад сэрцаў прасілі:

— Сонца-сонца, ты сілы ёй дай!

А прад імі ўжо на небасхіле

Лес знаёмы, любімы край...

І Пралеска збудзілася ў дыханні трывожным,

Заплакала радаснымі слязамі,

Убачыўшы родныя нівы і пожні,

Сцежкі ў лесе, з імхом, з верасамі.

 

 

*

Ясным сонцам над ёю сцяг родны палае

І чырвань сваю па расінцы

Па ўсёй, па ўсёй зямлі рассявае,

Па кожнай кідае сцяжынцы.

 

І там, дзе на снег падталы

Кроплі чырвані яснай упалі,

Там вясна наставала,

Кветкі там зацвіталі.

 

Між хваін, каля сосен смалістых,

Пры алешыне, пры ляшчыне —

Колькі іх, гэтых кропель чыстых,

Кропель-красак, ружовых ці сініх!

 

Вясна рассявае буйныя росы

На ясныя самацветы,

А птушкі сям’ёй рознагалосай

Нясуць тыя росы па свету.

 

Нясуць на дзюбах да цёплых праталін,

Кожнаму бору і ўзлеску,

Каб людзі ўсюды вясну пазнавалі

З радасным клічам:

— Пралеска!

 

— Пралеска! — дзеці крычаць з уцехай.—

Жывая! Жывая!

І кожнай вясною

У час зацвітання вясёлае рэха

Ад песень і смеху звініць над зямлёю.

 

Жывучыя сокі лістам прынясіце

З глыбіняў, карэнні!

На полі шырокім расткі ажывіце,

Нябёсаў праменні!

 

Высока ў блакіце,

Птушыныя трубы,

Трубіце над полем, над гаем!

А песні людскія,— звініце

Пра любасць

Да роднага краю.

 

*

Вось так

узрастала калісьці

Пралеска-дзяўчынка.

А дзе яна сёння?

А тут, над табою, Галінка.

 

Яна над табой і з табою,

Галінка мая ты малая.

Цябе сваёй песціць рукою,

Табе свае думкі спявае.

З табой, каб цвіло тваё ў кветках

Жыццё, як зара-зараніца.

Засні ж цяпер, родная дзетка,

Пара!.. А Галінцы не спіцца.

 

— Мама! — Яна не змаўкае.—

Скажы мне, а болей такія

Не прыйдуць да нашага краю

Ворагі лютыя, злыя?

 

Не прыйдуць, не скрыўдзяць Пралеску,

Не вытапчуць нівы ў полі?

— Не! Не, мая песня,

Не, ніколі, ніколі!

 

Спі, не ведай трывогі,

Дачушка мая ты малая,

Ясныя твае дарогі

Радзіма аберагае.

 

Ты будзеш любіць, што любіш.

Ты знойдзеш усё, аб чым марыш.

Чуеш?

Трубяць трубы.

Бачыш?

Рунеюць абшары.

 

Гэта вясна к табе крочыць

З цёплай, як матчына, ласкай,

Ціха глядзіць табе ў вочы

Добрая весняя краска.

1952


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан