epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пралескі

Зноў з вятрамі і сонцам прыйшоў красавік,

І павеяла водарам з мінскіх узлескаў.

І я ўспомніў, што летась яшчэ абяцаў

Падарыць табе кветкі юнацтва — пралескі.

 

Я згадаў і адчуў, як праходзяць гады,

Дні за днямі знікаюць нібы неўзаметкі.

Але сёлета нам з табой многа вальней,

І я ўсё ж прынясу іх, шчаслівыя кветкі.

 

Я таксама люблю, каб вясной на акне

Ўсё гарэлі, не гаснучы, кветкі жывыя.

А цяпер жа мы ўдвух, і наш светлы пакой

Захаваў яшчэ хвойныя пахі лясныя.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан