epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пралескі

Хоць яшчэ вецер часам рэзкі

Мяце снягі ў лясны куток,

На ўзгорках

Выбеглі пралескі

Пад сакавіцкі санцапёк.

 

І там і сям чародкай сталі,

І ў захапленні, што жывуць,

Бы вочы сінія праталін,

Усіх, усіх

К сабе завуць.

 

Як добра тут спыніцца, збочыць,

І пагуляць, і падурэць,

І нават рукі, як захочаш,

Па-над пралескамі пагрэць.

 

Стаіш, удзячна б’еш паклоны

Паляне сонечнай лясной.

І бачыш край

Зусім зялёны,

Зусім расквечаны

Вясной.

 

І каб сказаць пра шчасце ўзлеску

Як напрадвесні пахне дол,—

Ты незнарок сарвеш пралеску

Сваёй настаўніцы на стол!

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан