epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Прамень

Які ён шустры, сонечны прамень:

Ніяк у рукі не даецца ўзяць!

Таго не знае ён, што любая

мая

Прасіла ёй каралі нанізаць.

І каб у дзіўных у каралях тых

Заместа ніткі — промень сонца быў.

Замест каралек — ягадкі вады.

Каб хто глядзеў на іх — сябе забыў.

І я лаўлю.

А ён бяжыць наўцёк

Праз агарод, праз поле, да ракі,

Дзе невады вісяць на калячках,

Дзе ў ціхай завадзі —

натоўпам чаўнакі.

Які ж ты шустры, сонечны прамень!

Ды я злаўлю цябе.

Ты — у маіх руках!

І шалясціць, і шалясціць чарот,

Пяе, пяе празрыстая рака...

А я трымаў і прыціскаў мацней —

Да сэрца ўсё мацней...

А што?..

Ды рукі мілай:

Яна купалася на водмелі рачной

І да сябе прамень мой заманіла.

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан