epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Продкам

Вы маглі пад высокай красою нябёс

Шчырым дарам жыцця захапляцца да слёз;

Вы маглі азалець,

як на тое загад,

У сувеях,

Але не памкнуцца назад;

Вы маглі свае звонкія

Шчырыя песні

Сінім рэкам аддаць,

І нябёсам, і ўзлессям.

Толькі вам не давалі

Ні сцежкі, ні ходу

Ля другіх азярышч,

Пад другім небазводам.

Нехта быў бы між вас

Неўміручым Калумбам,

Ды ніколі не ведаў

Ні мора,

Ні румбаў.

А калі ў белы свет

Уцякаў ты з нягоды,—

Цябе свет прымушаў,

Каб адрокся ад роду.

Каб забыўся, што вырас ля белых бяроз,

Што ты ў шчасці чуллівы і добры да слёз,

Што ты можаш упасці,

як будзе загад,

У сувеях,

Але не памкнуцца назад,

Што ты маеш у спадчыне

Звонкія песні,

У якіх аспяваны

І зоры і ўзлессі...

Але вы злітавання прасіць не ішлі,

Не працягвалі рук да заморскай зямлі,

Вы крывёй палівалі

Забыты свой край,

У ружовых падзеях хавалі адчай.

Вы трызнілі ў лятунках

Пра светлую долю

І не раз за яе

Грозна біліся ў полі.

Мары-сны вы нашчадкам

Перадаць прысягнулі...

Над калыскай

Пра іх

Мы ад матак пачулі.

Мы пачулі пра іх, калі нашы бацькі

Каля дымнай лучыны вастрылі штыкі

Ды збіраліся ў бой з думкай той жа,

што й вы,—

Каб сказаць злому свету,

Што край іх жывы,

Што не горш ён нічым

За краіны другія,

Мае сэрца, і голас,

І крылы тугія.

Гэта чутае намі ад нашых бацькоў

З іхнім смуткам у нашу ўлівалася кроў,

І калі ў нас пыталі, што будзем рабіць,

Як ўзрасцём, мы адказвалі:

— Край свой любіць!..

Мы не зналі тады яшчэ,

Доля якая

На дарозе няторанай

Нас напаткае,

Але мы ўжо з маленства

Сябе рыхтавалі,

Каб адкрыць свайму краю

Шырокія далі.

Вось яны перад намі сягоння!

Ў баях

Палымнеў над паўсветам чырвоны наш

сцяг.

Многа гора было, дзён нямала сплыло,

Але помнікам вам — нашай славы святло.

Вы усталі б, напэўна,

Каб гэта магчыма,

Хоць бы раз яшчэ глянуць

На край свой вачыма,

Склалі б песні пра шчасце

Краіны бяскрайняй,

Памаглі б ёй у працы

Вялікай дзяржаўнай.

На каленях прад намі

Тэўтонская плойма.

Хто не ведае сёння

Нашых гоняў і поймаў?

Кожны стрэл наш гучаў,

Як быліннае слова,

Пра лясы Беларусі,

Палі і дубровы,—

Што ёсць край, дзе шляхі і абшары балот,

Чым валодаў спрадвеку адважны ваш род,

Гэта край, у якім добра звацца гасцьмі,

А хто з шабляй ідзе,

Той лажыцца касцьмі!

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан