epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Просьба

Вышый мне сонца,

Самае яснае ў свеце вышый сонца,

І каб пад тым сонцам

Ляцелі мне насустрач

белыя птушкі,

Самыя белыя

за ўсе вякі.

Вышый мне неба,

А па ўсім небе вышый вясёлку,

Самую цёплую,

нават гарачую па краях вясёлку,

А над той вясёлкай —

Каб свяцілася ў травах

Знаёмая, летняя,

Незабыўная, родная,

Самая добрая ў жыцці рака.

 

Вышый мне так —

Каб да мяне

пад тым сонцам і пад тым небам

І над той у праменнях

дарагой ракою

Беглі ўсё, беглі,

І беглі, і беглі,

Мчалі навыперадкі

Дзеці гурмою,

Беглі і крычалі:

— Паглядзі, дзядуля,

Паглядзі, якія ў нас вочы —

што незабудкі,

Якія ў нас сінія,

добрыя вочы

І які ў нас сіні, добры пагляд!..

Вышый мне мару,

Хутчэй, прашу цябе,

вышый мне мару.

Самую бясконцую,

Светлую мару,

І каб з той мары

Ішлі ды ішлі ўсё да мяне

ціхія песні,

А ў песнях — як зоры

Плылі, і звінелі,

І луналі над светам

Мудрыя словы

Аб тым,

Што адна ёсць —

адна толькі радасць,

Самая большая і непаўторная сярод людзей:

жыць, жыць, жыць! —

Жыць, каб ажно спяваць

І захапляцца жыццём.

 

Вышый мне шчасце,

А якое яно будзе —

я зусім не ведаю.

Не ведаю

і, мусіць, не спазнаю ніколі.

Але я табе, як заўсёды,

Ўсім сэрцам веру,

І ты прыдумай яго сама.

Вышый мне шчасце,

Павер —

Я яго душой

кожны міг адчуваю.

І хачу,

Каб прыйшло яно

толькі ад цябе,

Ад адной цябе толькі каб прыйшло,

Толькі ад адной цябе.

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан