epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Прырода

Ці ў ясны дзень, ці непагодным днём

Ці ў час, калі вясна наўсцяж спявае,

Ці той парою, калі зноў агнём,

Агнём барвістым восень зашугае;

Ці летняй спёкай дыхае блакіт;

Ці ў верасах іскрыцца павуціна;

Ці зелянее руні аксаміт;

Ці жораў крык нясе, як сіраціна,

Закінуты ў нябёсах паміж хмар;

Ці звоняць росы ранку пад нагамі;

Ці ззяе з вышыні маяк-стажар

Над любымі рачнымі берагамі,—

Заўжды, заўжды,

усюды, ў кожны міг,

З жыццём усім,

з якім навечна ў згодзе,

Ад самых шчырых роздумаў сваіх

Мне пакланіцца хочацца прыродзе!

О мройны лес! О вольныя палі!

О шыр лугоў — і ў забыцці і ў спеве!

О далягляды роднае зямлі!

О ты, радзімка на знаёмым дрэве;

Ты, кветка,

што расінкай ледзяной

Калісь мяне ўзбудзіла ля акопа;

Ты, пах чабора,

што прайшоў са мной

Ад Сожа да падсонечных Радопаў;

Вы, ручаіны, са слязой вады

То ціхаплыннай, то сыпуча-звонкай;

Вы, сцежкі, дзе прастор мой малады,

Прытулак мар і радасцяў скарбонка,—

Без вас я не магу пражыць,

у вас

Навечна закаханы ўсёй душою.

А ў любасці прызнацца —

кожны раз

Баюся... Не, не хлусам, не ханжою,

Не себялюбам жыў я! — гэткі друз

Няхай праносяць прагныя да славы,

У іх заўжды

з тым друзам ёсць хаўрус...

А я баюся, што дубам і травам,

Праменням залатым і хвалям рэк,

Разлогам палявым і зорам сінім

Я не змагу, звычайны чалавек,

Сказаць усё, што я сказаць павінен;

Баюся словам лішнім, неўпапад,

Парушыць

дарагое сугалоссе

Крынічных звонаў і лясных рулад,

Дыхання зор і шэпату калосся;

Крыўдней за ўсё —

прызнанне не ў пару,

Яно —

бы сумны ветразь непадняты.

А мне як скрыўдзіць вас, дык лепш — памру,

Мае вы нівы, пушчы й перакаты...

Але маўчаць усё ж я не магу.

Як сыдуцца ўспаміны ўсе і мары,

Дык просяць —

іх уцехі і тугу

Каб вам прынёс я, родныя абшары

Зямлі маёй, адзінай назаўжды!

І я нясу табе, прырода-маці,

Паклон мой за пражытыя гады —

За сонечны жывы прамень у хаце,

За цішыню вясёлак веснавых,

За летуценні шчасныя пад імі,

За незабыўны міг, спаткання міг

З дзявочымі вачамі дарагімі,

За сум і мужнасць, за красу і боль,

Што ў шчодрасці

жыццё падрыхтавала,

Жыццё, што так ахоўвала сабой

Мяне на самых грозных перавалах!

Час прыйдзе —

сівер згоніць па імху

Апошняе лісцё. Мінецца лета.

І зажуруся я тады крыху...

Але паклон табе, зямля, й за гэта,

Паклон за ўсё, што мне дарыла ты

І што падорыш для майго прызнання.

За тое, што, як светач залаты,

Не гаснуць зоры

вернага кахання!

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан