epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Прысяга

Салдатам, у страі, перад паходам,

Яшчэ вясковы хлопец малады,

Я прысягнуў Радзіме і Народу,

Аднойчы прысягнуў і назаўжды.

 

Я прысягнуў пад родным сцягам алым

Сваёй зямлі шчаслівы мір здабыць,

Якая б мяне сіла ні ламала —

Быць непахісным і нязломным быць.

 

Я прысягнуў над баявою зброяй,

Пад навальнічным посвістам вятроў,

Што калі смерць — дык упаду героем,

Заўсёды варты вернасці сяброў.

 

Я прысягнуў, і кроў мая звінела,

І грудзі наліваліся агнём,—

Што калі жыць —

дык радасна і смела,

Каб мог сустрэцца з пераможным днём.

 

Прысяга толькі раз навек даецца.

Таму такая моцная яна.

Таму і сонца ззяе, і дзіця смяецца,

І полем крочыць ясная вясна.

 

І кожны дзень мне словы той прысягі

Гучаць у сэрцы,— клічуць кожны міг

Ісці к вышыням новым без развагі,

Быць не апошнім між сяброў сваіх.

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан