epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Прысвячэнне

Не ёй, не той, што ў белыя пальчаткі

Хавае пухласць рук і яркі лак,

Што стыльных крэпаў

і гіпюраў складкі

Прад светам носіць, як свяшчэнны знак;

 

Не ёй, не той, якая ў ззянні вуліц

Ляніва шпацыруе ля вітрын

І — ах, бяда! — гатова ўсіх расчуліць:

Ніяк не выбраць він да імянін!

 

Не ёй, не той, што славіцца ў равесніц

Не працай, а лісінаю трубой,—

Не ёй, не той! — сваю складаю песню,

Не з ёй мая пашана, а з табой!

 

З табой, адданая сястра, і маці,

І жонка, і нявыдуманы друг,

Што ўмее быць парадніцаю ў хаце

І, калі трэба, ўзяць у рукі плуг;

 

Што ў шчасці адпраменіцца не скора

І можа стаць агнём, як грымне бой...

Лятунак мой, жыцця майго апора,

Заўжды, заўжды душа мая з табой!

 

З табой, жанчына, простая, як ласка,

І светлая, як юныя гады,

Прыгожая ў няспынным абавязку

Быць дарагой, адзінай назаўжды.

 

З табой я крочыў па франтах, па вёснах,

З табою і сягоння крок у крок

Іду па знаках радасці зайздроснай

Туды, дзе ўецца заўтрага дымок.

 

З табой шукаю лёсу прызначэнне,

Перад табой нічога не ўтаю!..

І, так пачаўшы гэта прысвячэнне,

Я слова ўсё табе перадаю.

 

Скажы сама, скажы пра свет свой мудры,

Дзе сонца не змаўкала ні на міг,

Скажы смялей — стаяць я побач буду

Як абаронца роздумаў тваіх.

 

Скажы хутчэй,— і сведка і прычына

Таго, чым стаў і чым мне быць навек,

Вялікая, Нязгасная, Жанчына,

Таварыш, Спадарожнік, Чалавек.

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан